Владимир Павлович Андрейченко провел прием граждан по личным вопросам
На мінулым тыдні ў памяшканні раённага выканаўчага камітэта праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш дэпутат па Глыбоцкай выбарчай акрузе Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. У гэтым годзе ён у чарговы раз наведвае наш раён, аказвае дапамогу ў вырашэнні найбольш складаных пытанняў.
Першым на прыём да дэпутата прыйшоў жыхар г.п. Бягомль Яўген Дзянісавіч Закрэўскі. Ад імя жыхароў вуліцы Маякоўскага, дзе і сам пражывае, папрасіў дапамогі ў правядзенні водаправода. Як ён патлумачыў, водаправод па суседніх вуліцах быў у свой час пракладзены, а вуліца Маякоўскага, так і засталася без водаправоднай сістэмы. Людзі, якія там пражываюць, карыстаюцца калодзежам і водазаборнымі калонкамі. Для вырашэння гэтага пытання У.П. Андрэйчанка прапанаваў такі варыянт: для пракладкі агульнага водаправода частку затрат возьмуць на сябе самі жыхары (гэта дзесьці 300 тысяч рублёў з гаспадара), частку – РУП ЖКГ, якое і выканае работу, астатняе — за дэпутатам, які абяцаў аказаць дапамогу. А ўжо потым падвод вады ў свае дамы гаспадары павінны будуць рабіць за свой кошт. Праўда, сёлета не атрымаецца выканаць гэту работу, прыйдзецца пачакаць да мая наступнага года. З такім варыянтам вырашэння сваёй просьбы грамадзянін пагадзіўся.
Пытанне, з якім звярнулася на прыёме да дэпутата жыхарка аграгарадка Крулеўшчына Вера Сяргееўна Дач, тычылася скарачэння кадраў у сувязі з рэарганізацыяй прадпрыемства. Справа ў тым, што Круляўшчызненскі філіял РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”, дзе яна працавала дагэтуль, рэарганізоўваюць. Усім работнікам, у тым ліку і ёй – спецыялісту па маркетынгу — выдадзены паведамленні аб звальненні. Затым гэтых жа работнікаў новае кіраўніцтва, як і патрабуецца правіламі, будзе нанова прымаць на работу. В.С. Дач да выхаду на пенсію застаецца 2 гады, і яна хацела б гэты час адпрацаваць на сваім ранейшым месцы. Тут жа ў час прыёму У.П. Андрэйчанка патэлефанаваў у “Віцебскаблнафтапрадукт”, каб удакладніць некаторыя нюансы, якія датычацца рэарганізацыі. Дэпутат запэўніў наведвальніцу, што без работы яна не застанецца. Як, дарэчы, і ўсе астатнія работнікі: калі не на ранейшыя месцы, то на іншыя, але ўсе будуць працаўладкаваны.
Іван Робертавіч Пазняк, жыхар г. Докшыцы, самастойна спрабаваў вырашыць пытанне наконт падключэння кабельнага тэлебачання. Не атрымалася. Не ведаў пенсіянер, што сёння ёсць вельмі просты варыянт: лічбавае тэлебачанне. Ім у раёне карыстаецца больш за тысячу абанентаў. Яго падключэнне не займае шмат часу. Трэба толькі напісаць заяву у раённы вузел электрычнай сувязі. Да таго ж і плата невысокая. На гэту прапанову грамадзянін ахвотна згадзіўся, і ў лістападзе, як паабяцалі работнікі РВЭС, яго заяўка будзе выканана.
НА ЗДЫМКУ: прыём грамадзян вядзе дэпутат, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанка (першы справа).
Фота В. Чарвінскага.