З сякерай у лес ходзяць па дазволе
Зіма ўжо не за гарамі. Кожнаму хочацца адчуваць яе на вуліцы, але не ў доме. Таму пра нарыхтоўку паліва многія пачынаюць задумвацца задоўга да халадоў. Купіць гатовыя дровы ў лясгасе не заўсёды так проста, як хацелася б, таму што імі забяспечваюць перш-наперш дзіцячыя сады, школы, бальніцы, магазіны. Ды і каштуюць яны не малых грошай.Таму наша дзяржава і прадугледзела магчымасць для насельніцтва нарыхтоўваць дровы самастойна. Аднак гэта не значыць, што можна ўзяць пілу ці сякеру і пайсці валіць лес без дазволу і ведама лесніка. Намеснік начальніка Бягомльскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Бабака аргументаваў забароненасць такіх дзеянняў:
– Згодна з Правіламі водпуску драўніны на корані і яе нарыхтоўкі ў лясах нашай краіны, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 214 у маі 2007 года, прадугледжаны пэўны парадак водпуску дроў на корані для насельніцтва. З ім можна азнаёміцца на інфармацыйных стэндах у кожным лясніцтве.
– І усё ж такі, Аляксандр Іосіфавіч, назавіце, калі ласка, парадак дзеянняў, якія павінен выканаць чалавек, калі хоча самастойна нарыхтаваць дровы.
– Спачатку ён павінен звярнуцца ў лясніцтва і атрымаць ордэр. Потым ляснік ці іншы супрацоўнік лясніцтва пакажа месца і дрэвы, якія можна ссякаць. Дрэвы, намечаныя для высякання, павінны быць адзначаныя рэзчыкам ці фарбай. Толькі пасля гэтага можна прыступаць да нарыхтоўкі.
– Але вывезці дровы без дазволу лесніка таксама нельга?
– Абсалютна правільна. Ляснік павінен правесці агляд месца высечкі, праверыць колькасць нарыхтаванай драўніны і якасць уборкі лесасекі. Калі ўсё ў парадку, ён зробіць адпаведную паметку ў ордэры, і сыравіну можна вывазіць, толькі не пазней тэрміну, які ўкажа работнік лясніцтва.
– Які штраф прадугледжаны для парушальнікаў?
– За парушэнні правілаў нарыхтоўкі і вывазу драўніны можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь. Так патрабуе артыкул 15.21 Кодэкса адміністрацыйных парушэнняў Рэспублікі Беларусь.
– Дзякую за адказы.
Гутарыла
Таццяна СТАДОЛЬНІК.