Чтобы людям жилось легче

Участники коллегии во время посещения Ситцевской СШ.

На мінулым тыдні на базе аб’ектаў Сітцаўскага сельсавета адбылася калегія па сацыяльных пытаннях. У ёй прынялі ўдзел старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкая, начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні пассельвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы. Праводзіла нараду намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.

Сітцаўскі сельсавет, на тэрыторыі якога пражывае паўтары тысячы чалавек, даволі багаты на сацыяльную інфраструктуру. У прынцыпе, тут ёсць усе ўстановы, якія ўсебакова забяспечваюць патрэбы насельніцтва ў медыцынскіх, адукацыйных, культурных і іншых паслугах. Іншая справа – ці адпавядае нормам узровень аказання гэтых паслуг, ці адпрацоўваюць сваю зарплату людзі, занятыя ў гэтых галінах? Вызначыць і пераняць станоўчае, акрэсліць недапрацоўкі і недахопы і, магчыма, пашукаць шляхі іх вырашэння – вось асноўныя задачы, якія павінна была вырашыць нарада-практыкум.

Яна пачалася з наведвання ўдзельнікамі сацыяльных аб’ектаў сельсавета. Першай на маршруце была Заборцаўская базавая школа. Гэта ўстанова, дзе займаюцца 27 вучняў, і працуе калектыў з 12 настаўнікаў і 10 чалавек тэхперсаналу, – яскравае сведчанне таго, што сельская сетка адукацыі патрабуе рэарганізацыі. Яна праводзіцца, толькі паступова і паэтапна. Будучыня Заборцаўскай школы — у аб’яднанні з дзіцячым садком, у якім зараз выхоўваюцца 9 дзетак. Што датычыцца самой школы, то яе здабыткі ў правільнай арганізацыі працэсу навучання і выхавання, што дазваляе выхоўваць пераможцаў прадметных алімпіяд усіх узроўняў і не мець сярод вучняў парушальнікаў дысцыпліны і правапарадку. Адміністрацыя школы стараецца сваімі сіламі вырашаць бытавыя праблемы, хаця ініцыятывы, жадання ўзяць на сябе больш чым трэба, ёй усё ж такі не хапае.

Пад адным дахам са школай месціцца Заборцаўская сельская бібліятэка, і гэта акалічнасць з’яўляецца вялікім плюсам для арганізацыі навучальнага працэсу і прапаганды кнігі. Працуючы па мэтавай праграме “Зямля – наш дом”, загадчыца бібліятэкі Людміла Кучыц знайшла такія формы работы, якія дазваляюць вучням шмат часу праводзіць у сценах дома кнігі. Але, займаючы вольны час дзяцей, работніку культуры не трэба забывацца і пра чытачоў старэйшага пакалення.

Яшчэ адзін дзіцячы садок размешчаны ў вёсцы Сітцы. Дарэчы, практычна ўсе дзеці дашкольнага ўзросту на тэрыторыі сельсавета наведваюць дашкольныя ўстановы. Толькі адзін хлопчык па прычыне нездароўя часова знаходзіцца з маці дома. Установа, у якой выхоўваюцца 26 дзяцей, месціцца ў тыпавым будынку, дзе пры будаўніцтве аграгарадка быў праведзены капрамонт. Цяпер калектыў увесь час выкарыстоўвае для выхавання здаровых, развітых дзетак. Тут прыкметна знізілася захворваемасць, атрымаў новы штуршок адукацыйны працэс, знайшлі ўкараненне дадатковыя адукацыйныя паслугі. Хаця план па платных адукацыйных паслугах выкананы ў мінулым годзе толькі на 68, 1 працэнта. Загадчыца садка назвала таму аб’ектыўную прычыну, але, калі шчыра, то любую з’яву ў жыцці ў залежнасці ад канчатковай мэты, можна як апраўдаць, так і асудзіць.
Сітцаўская сярэдняя школа знаходзіцца ў намнога больш выгадным становішчы, чым Заборцаўская. У ёй займаецца 110 вучняў, ёсць у гэтым плане і перспектыва на будучыню. Тыпавы будынак школы капітальна адрамантаваны, педкалектыў – падрыхтаваны, творчы. Ёсць пэўныя здабыткі ў рабоце, але задавольвацца імі нельга ні ў якім разе. Недаравальна марудна добраўпарадкоўваецца прышкольная тэрыторыя. Не здадзена летась ніводнага кілаграма металалому.

Арганізацыя сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аховы здароўя – гэта тое, чым сельсавет можа ганарыцца. Яе належны ўзровень – гэта вынік працы людзей, якія ў роўных з іншымі ўмовах, у сілу сваёй працавітасці, адказнасці і добрасумленнасці робяць намнога больш чым некаторыя іх калегі. Сітцаўскі ФАП, Сітцаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аптэка  – гэта тыя ўстановы, што стаяць на ахове здароўя насельніцтва сельскага рэгіёна. Пацыенты толькі ў крайніх выпадках едуць у раён, лічаць за лепшае перш схадзіць на прыём да “свайго” вельмі вопытнага  ўрача Вольгі Войніч. У амбулаторыі  могуць прайсці фізіялячэнне, здаць аналізы, нават палячыць зубы ў Валянціны Салавей. Калі патрэбных лякарстваў няма ў аптэцы, яе загадчыца Алена Альхімёнак зробіць заказ і абавязкова задаволіць попыт.

Прафесіяналізм, вялікая міласэрнасць у адносінах да пражываючых характарызуюць работу калектыву Сітцаўскага аддзялення кругласутачнага прабывання, які з пачатку стварэння ўзначальвае Генадзь Межыеўскі. Аддзяленне дае прытулак 30 бабулям і дзядулям, што перавышае запланаваную першапачаткова колькасць ложка-месцаў.

Палова з пражываючых мае дзяцей, якія “падкінулі” дзяржаве сваіх нямоглых бацькоў. Старыя, дзякуючы абслуговаму персаналу, накормленыя, дагледжаныя. Да іх наведваюцца светары, школьнікі, работнікі культуры. Паказчыкам работы калектыву з’яўляецца тое, што многія з пражываючых знаходзяцца тут па 10 і больш год, сустракаючы свае 90 і 100-гадовыя юбілеі.

Візітнай карткай Сітцаўскага паштовага аддзялення, як і ў іншых аграгарадках, з’яўляецца адрамантаванае памяшканне, сучасная мэбля, максімальная колькасць паслуг, якія можа аказваць паштовае аддзяленне. Паштавікі, каб мець прыбытак, падмяняюць гандаль, банкі і гэта нармальна, галоўнае — стварыць як мага больш камфортныя ўмовы для жыцця вяскоўца.

Ініцыятыва і творчасць адрознівае працу сітцаўскіх работнікаў культуры. Бібліятэка – гэта сховішча краязнаўчай літаратуры, прадметаў ужытку, мастацтва і іншых матэрыялаў сітцаўскага краю, якія ўжо некалькі год мэтанакіравана збіраюць бібліятэкары Алена Карповіч і Наталля Літвінава. Яны ж з’яўляюцца і першымі памочнікамі работнікаў СДК пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Дырэктару Яўгеніі Кішыла і мастацкаму кіраўніку Ніне Каршулёвай за невялікі перыяд удалося стварыць мабільны калектыў мастацкай самадзейнасці, канцэртныя праграмы якога ведаюць ужо ў многіх населеных пунктах раёна. Цікавыя мерапрыемствы праводзяцца і ў самім клубе, таму сюды павышаць культурны ўзровень, бавіць вольны час, сталі хадзіць людзі, чаго раней не назіралася.

У сельскай мясцовасці заклапочанасць выклікае дэмаграфічная сітуацыя, і Сітцаўскі сельсавет таму не выключэнне. Смяротнасць перавышае нараджальнасць, таму глабальным становіцца пытанне захавання жыцця працаздольнага насельніцтва. Намаганнямі сельвыканкама, участковага інспектара, школы пад пастаянным кантролем знаходзяцца нядобранадзейныя сем’і, абавязаныя асобы. Магчыма, дзякуючы гэтаму на ўліку ў ІСН не значыцца падлеткаў, на тэрыторыі сельсавета зменшылася колькасць злачынстваў, што пазітыўна ўплывае на жыццё рэгіёна ў цэлым.

Падводзячы вынікі працы нарады, старшыня райвыканкама Алег Пінчук сказаў, што дасягненні ў працы прыходзяць да тых, хто да іх імкнецца, а не апраўдвае сваю бяздзейнасць адсутнасцю часу, грошай і магчымасцей. Гэта пасяджэнне калегіі было першым, у будучым іх плануецца праводзіць штомесячна. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч да наступнага пасяджэння чакае ад работнікаў сацыяльнай сферы новых ідэй, пераймання станоўчага вопыту і апрабацыі яго на практыцы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *