Зямля як абрус-самабор

З дзяцінства мы ведаем шмат казак, у якіх згадваецца абрус-самабор. Фантазія гэта альбо рэальнасць? У сучасным уяўленні  – гэта ўраджайная зямля, дзякуючы якой наш стол багаты. А як гэтага дабіцца? Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя хімік Ю. Лібіх пісаў: “Прадаючы ўраджай са свайго поля, селянін прадае само поле”. Гэта значыць, што глеба апусташаецца з кожным годам. Ураджайнасць залежыць, перш за ўсё, ад наяўнасці ў глебе спажыўных рэчываў: азоту, калію, фосфару. Значыць, гэтыя элементы трэба ў глебу ўносіць.

Згодна з планам, сёлета трэба назапасіць у раёне  5320 тон азоту ў дзеючым рэчыве, 2600 тон фосфару і 4920 тон калію. Па стане на 12 студзеня ў наяўнасці было 632,6 тоны азоту ў дзеючым рэчыве, 228 тон фосфару і 372,5 тоны калію.

КАС (карбамідна-аміячная сумесь) з’яўляецца адным з самых перспектыўных з высокай эканамічнай эфектыўнасцю ўгнаеннем. У адрозненні ад вадкіх аміячных угнаенняў ён практычна не ўтрымлівае свабоднага аміяку, а гэта выключае страты ў час  пагрузкі, транспарціроўкі, захоўвання і ўнясення ў глебу. Яго можна ўносіць з дапамогай высокапрадуцыйных агрэгатаў без адначасовай задзелкі ў глебу, а таксама з паліўной вадой. КАС служыць рэгулятарам росту раслін і забяспечвае высокую ўраджайнасць збожжавых азімых і яравых культур. Рэкамендуецца для ўнясення ў глебу, дзе не хапае медзі і марганцу.

На сённяшні дзень раён атрымаў за сродкі, якія выдзелены з абласнога бюджэту, 464 тоны ў фізічнай вазе. Кожны дзень, пачынаючы з 9 студзеня, згодна з заключанымі дагаворамі на вывазку, спецыялізаваным транспартам ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” ідзе яго дастаўка ў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. На названую дату ААТ “Таргуны” мела 310 тон каштоўнага мінеральнага ўгнаення ў фізічнай вазе, а ў  ДП “Гняздзілава-Агра” – 117 тон.

Маруднымі тэмпамі ідзе вывазка карбамідна-аміячнай сумесі па той прычыне, што, па-першае, не хапае для гэтай мэты спецыялізаванай тэхнікі, па-другое,  не хапае ёмістасцей для захоўвання. Напрыклад, выкуплены КАС “Гняздзілава-Агра”, па дамоўленасці, да пачатку палявых работ будзе захоўвацца ў Параф’янаве на базе мінеральных угнаенняў.

У чацвер, калі мы наведалі базу мінеральных угнаенняў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, вадкае ўгнаенне завозілі ў СГФ “Бягомльскі” і  ДП “АграСітцы”. Па два-тры рэйсы ў дзень робіць вадзіцель Віктар Касцюкевіч (на здымку).

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *