А дорога серою лентою вьётся

Мабыць, неаднойчы слухаў вядомую песню пра вадзіцеля Сяргей Васільевіч Юшкевіч (на здымку), калі садзіўся ў аўтамабіль і адпраўляўся ў далёкі рэйс. За два дзясяткі гадоў з гакам працоўнага стажу ён наматаў не адну тысячу кіламетраў, перавёз не адну тысячу тон грузаў. Сваю працоўную дзейнасць параф’янаўскі хлопец пачаў яшчэ да арміі. Пайшоў у вадзіцелі па пратаптанай сцяжыне сваіх продкаў. Яго бацька быў шафёрам, бацькавы браты – таксама. Нават дзядзькі па матчынай лініі таксама круцілі руль. “Дык навошта  мне шукаць іншы шлях?” – усміхаецца Сяргей Васільевіч і  цешыцца ад сваёй “арыгінальнай” выдумкі. Між тым у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” ён лічыцца адным з лепшых вадзіцеляў, якія ідуць у далёкія рэйсы. Напрыклад, толькі за мінулы год ім было пройдзена больш чым паўтары тысячы кіламетраў. У час уборкі на сваім МАЗе  перавёз Юшкевіч 3 тысячы тон зерня. Не стаіць без справы вадзіцель і ў зімні перыяд. Глыбокае, Бабруйск, Шклоў, Магілёў, Гродна – дзе толькі не бывае вялікагрузны аўтамабіль. Ёсць патрэба ў перавозцы зерня і ўгнаенняў, мукі і камбікорму. Днямі з Бабруйска прывёз у Глыбокае насенне сланечніку, у Шклоў ездзіў за элітным насеннем збожжавых, з Оршы даставіў камбікорм на свінакомплекс. Машына новая, другі год працуе на ёй Юшкевіч, а таму і адпраўляюць яго па ўсёй Беларусі без хвалявання. Напэўна, упэўненасць у тым, што з даручэннем справіцца Юшкевіч, заключаецца і ў наступным: чалавек ён адказны і працавіты, з вялікім жыццёвым вопытам і багатым багажом ведаў.

Такім жа адказным, як сам, і сына выхаваў. Яго Віталік у мінулую ўборачную жаў збожжавыя з камбайнерам Уладзімірам Лаўцэвічам і выйшаў у пераможцы.  “Хто зведае кошт хлеба праз пот, напружанне мышцаў і недасыпанне,  той і да жыцця будзе адносіцца па-асобаму” – логіка старэйшага Юшкевіча. Урэшце, вазіў Сяргей збожжа ад камбайна, на якім працаваў юрыст-Віталік, з яшчэ большым энтузіязмам і быў упэўнены, што іх праца патрэбная грамадству.

Нэлі Бяляўская. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *