«Ветразь» в ногу со временем
Бягомльскі завод “Ветразь” па-ранейшаму ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі сярод прамысловых прадпрыемстваў раёна. Летась выпушчана прадукцыі на 11960 мільёнаў рублёў. Тэмп росту склаў 224,2 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 16,9 працэнта. Атрымана 1089 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку.
Будучае завода — у выпуску інавацыйнай прадукцыі. Гэта металарукаў і гроверная, або пружынная шайба. На прадпрыемстве пастаянна працуюць над павелічэннем аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі і зніжэнні яе сабекошту. Напрыклад, распачыналі вытворчасць металарукава з чатырох станкоў. Нядаўна набыты яшчэ тры станкі, што дазволіць павялічыць выпуск гэтага віду метызнай прадукцыі на 50 працэнтаў. Для зніжэння сабекошту самі сталі рэзаць металічную стужку на дрот. З прычыны гэтага быў набыты патрэбны станок і створана яшчэ адно рабочае месца.
Аляксандр Ковель (на здымку) працуе на станку, які выпускае гроверную шайбу. Дэталь невялічкая, але вельмі патрэбная для краплення розных вузлоў і механізмаў. Таму яе выпуск давераны спецыялісту з сярэднеспецыяльнай адукацыяй. Самае невялікае, нават міліметровае адступленне ад стандарту выклікае брак. Такога сабе не можа дазволіць прадпрыемства, прадукцыя якога запатрабавана на рынку.
Тамара Альшэўская.