У “Докшыцырайгаз” ёсць для спорту час

Вольга Гадулевіч

Пры ўваходзе ў галоўны будынак РВУДокшыцырайгазля лесвіцы зроблена выстава спартыўных і творчых узнагарод прадпрыемства. Там пад шклом захоўваюцца Кубкі, граматы, дыпломы з розных раённых і абласных спаборніцтваў. Іх шмат. І да кожнай з іх Вольга Гадулевіч мае непасрэднае дачыненне.

Уладкавалася на працу прыёмшчыкам заказаў у “Докшыцырайгаз” Вольга чатыры гады таму. Адразу дала зразумець, што, акрамя прафесійных абавязкаў, хоча актывізаваць спартыўны рух у  прадпрыемстве. Любоў да фізічных нагрузак прачнулася ў яе яшчэ ў каледжы і ўсё больш разгараецца. Пералік відаў спорту, да якіх у яе ёсць цікавасць і здольнасці, пашыраецца: валейбол, тэніс, бег на лыжах, лёгкая атлетыка, а яшчэ шашкі і шахматы. Атрымліваецца, што практычна ўвесь вольны час Вольгі заняты трэніроўкамі. Два разы на тыдзень наведвае валейбольную секцыю, выкарыстоўвае кожную магчымасць сабрацца з калегамі на тэнісным корце ці папрактыкавацца ў футболе на  гарадскім стадыёне, калі дазваляе надвор’е.  Цяпер у выхадныя дні яе часта можна сустрэць на лыжах ва ўрочышчы “Чыстаполле”. Добрая лыжная падрыхтоўка ўжо каторы год запар выводзіць яе ў прызёры не толькі на раённых, але і на абласных спаборніцтвах. Зусім нядаўна стос яе спартыўных узнагарод папоўніўся дыпломам за 3 месца ў лыжных індывідуальных гонках у праграме абласной спартакіяды “Віцебскаблгаза”, медалём і граматай – за 2 месца ў раённай “Беларускай лыжні-2012”.

– Прыемна, што кіраўніцтва нашага прадпрыемства падтрымлівае спорт, стварае ўсе ўмовы, каб развіваць яго, – гаворыць Вольга. – Напрыклад, на тэрыторыі нашага прадпрыемства ёсць тэнісны корт, секцыі па валейболе адбываюцца дзякуючы арэндзе спартыўнай залы ў Докшыцкай школе № 2. Нядаўна мы атрымалі новую спартыўную форму – гэта стымулюе і падсілкоўвае жаданне  перамагаць ў спаборніцтвах.

Увогуле за сваю спартыўную гісторыю Вольга заваявала 16 медалёў і незлічоную колькасць дыпломаў і грамат. Узнагароды за камандныя перамогі таксама не лічыць чужымі, бо не прапускае ніводнага спаборніцтва, што арганізоўваюцца на прадпрыемстве. Яна бярэ прызавыя месцы і ў тэнісе, і ў шашачных сустрэчах, і ў лёгкаатлетычных эстафетах. Лідзіруе сярод іншых і іх жаночая валейбольная каманда. Нядаўна яна заняла першае месца ў раённых спаборніцтвах.

Да спорту Вольга стараецца прыцягваць іншых. Напрыклад сваё знаёмства з новымі супрацоўнікамі пачынае з пытання: ”Чым захапляецеся?”. І абавязкова прапаноўвае наведаць спартыўную секцыю. Так, разам з інструктарам па спорце Дзмітрыем Касцюком яны не прапускаюць ніводнага здольнага да спорту супрацоўніка. Тое, што час нельга бавіць дарэмна, Вольга паказвае на асабістым прыкладзе.  Яна  выдатна спраўляецца і з прафесійнымі абавязкамі, і з завочным навучаннем ва ўніверсітэце. Хапае ў яе часу і на заняткі спортам, і на ўдзел у мастацкай самадзейнасці, і на сям`ю, у якой, дарэчы, расце маленькі сынок.

Здаровы лад жыцця дзяўчына прапагандуе  і дома. Сына ўсё часцей бярэ з сабой на секцыі і з задавальненнем адзначае, што той упэўнена б’е па мячы і метка кідае дроцікі.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота В. Чарвінскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *