В одной связке работают руководители хозяйства и профсоюза в Докшицком районе

Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю года пярвічка ДП “Гняздзілава-Агра” атрымала заахвочвальную прэмію.

Паспяховая работа прафсаюзнага камітэта прадпрыемства, які ўзначальвае  Святлана Осіпава, у многім тлумачыцца ўдалым сацыяльным партнёрствам паміж абаронцам інтарэсаў працаўнікоў і кіраўніком калектыву. Гэта вельмі важна, бо галоўнай задачай для любога кіраўніка з’яўляецца развіццё вытворчасці і выплата заработнай платы працуючым. Да вырашэння “дробязных” пытанняў, якія датычацца дадатковых ільгот і гарантый, у яго, звычайна, рукі не даходзяць. Затое тут вялікая прастора для дзейнасці прафсаюзу. Осіпава, як прафсаюзны лідар, мае вялікую перавагу ў тым, што працуе эканамістам. Пры распрацоўцы асноўных палажэнняў калектыўнага дагавора, зыходзіць з рэальных эканамічных магчымасцей. Пасля таго, як дакладна пралічыць і ўзважыць, звяртаецца з прапановай да дырэктара. Сяргея Абіралу называе “залатым фондам” прадпрыемства.

– З ім лёгка працаваць, – гаворыць Святлана Мікалаеўна, – бо Сяргей Уладзіміравіч заўсёды памятае пра людзей і ніколі не эканоміць на іх інтарэсах. На маёй памяці не было таго, каб дырэктар махнуў рукой на просьбу рабочага, канечне, калі яна абгрунтаваная.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.У. Грыцкевіч адзначае, што ДП “Гняздзілава-Агра” – адно з тых прадпрыемстваў, дзейнасць прафсаюза і адміністрацыі якога, не патрабуе ўмяшання. Нават такое балючае пытанне, як забеспячэнне працуючых спецвопраткай, тут вырашаецца без цяганіны. Пачынаючы з Новага года, калі падарункі ў абавязковым парадку атрымліваюць не толькі дзеці, але і дарослыя, людзі адчуваюць клопат аб сваім матэрыяльным дабрабыце і здароўі. Прыемна чалавеку, калі пра яго памятаюць у свята, не шкадуючы віншавальных слоў і падарункаў. Дапамагаюць справіцца з горам і бядою. Дбаюць аб яго здароўі, калі поўнасцю аплачваюць пуцёўкі ў санаторый. Летась прафсаюз аплаціў аздараўленне 4 дзеткам членаў прафсаюза ў аздараўленчым лагеры “Расінка”.

Заработная плата на прадпрыемстве – адна з самых высокіх у аграпрамысловым комплексе раёна. У мінулым годзе сярэдняя зарплата склала 1млн. 600 тысяч рублёў. Але, каб яшчэ больш рублём, бо гэта самы эфектыўны стымул, зацікавіць людзей у неабходнасці высокапрадукцыйнай працы, летась прынялі рашэнне аб увядзенні дадатковай платы за высокія надоі. Па выніках года яе ўладальнікамі сталі дзевяць даярак. Самую большую суму – па 3 мільёны рублёў – атрымалі шэсць працаўніц, якія ў сярэднім ад кожнай каровы надаілі па 4-4,5 тысячы кілаграмаў малака.

Вытворчасць малака, дзякуючы эфектыўнай працы МТФ “Атрубок”, ад рэалізацыі прадукцыі якой кожны месяц прадпрыемства атрымлівае больш за 700 мільёнаў рублёў,  – самая прыбытковая галіна. Менавіта яна фарміруе фонд зарплаты. Летась па выніках года змаглі выплаціць працуючым 13-ю зарплату. Канечне, толькі тым, хто не меў спагнання за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Гэта ўмова з’яўляецца абавязковай для атрымання ўсіх дадатковых выплат.

У калектыўным дагаворы прадугледжана падтрымка і садзейнічанне развіццю спорту, мастацкай самадзейнасці, арганізацыі свят. “Гняздзілава-Агра” з’яўляецца актыўным удзельнікам раённых спартыўных мерапрыемстваў, агляду-конкурсу “Таленты Докшыччыны”. Малады спецыяліст Алена Жусель дастойна прадставіла гаспадарку ў раённым конкурсе “Лэдзі аграгарадок”.

Дастойная зарплата, жыллё, магчымасць задаволіць свае сацыяльна-культурныя патрэбы – гэта ўсё, што патрэбна чалавеку, дзе б ён ні працаваў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: старшыня прафкама ДП “Гняздзілава-Агра” С.М. Осіпава.

Фота аўтара.     

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *