З рамонтам тэхнікі трэба прыспешыць

Завіхаўся ля свайго «Беларуса» механізатар Леанід Занько

Зіма – перыяд падрыхтоўкі тэхнікі да работы ў вясенне-асенні перыяд. Не паспееш своечасова адрамантаваць — затармозіш увесь працэс палявых работ. Як вядома, пасяўныя плошчы ў раёне павялічыліся і будуць павялічвацца далей, а, каб апрацаваць палі, у аптымальныя тэрміны засеяць іх, убраць вырашчаны ўраджай, тэхніка павінна быць спраўнай. Значыць, спецыялістам трэба карэнным чынам змяніць свае адносіны да даручанай справы.

Па словах начальніка аддзела механізацыі райсельгасхарчу В.М. Шылёнка, парадку на машынных дварах стала больш. Створаны нармальныя ўмовы для працы механізатараў у зімовы перыяд. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так машынны двор пачынацца з маляўніча аформленай шыльды. Практычна, усе машынныя двары сельгаспадарак раёна ў гэтым кірунку адпавядаюць патрабаванням. Вытворчыя аб’екты абазначаны таблічкамі, ёсць схема машыннага двара.

Згодна з  даведзеным планам міністэрства сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва раёна, да 1 лютага плугі і глебаапрацоўчую тэхніку павінны былі  падрыхтаваць  на 84 працэнты, пасяўныя агрэгаты – на 81 працэнт, сеялкі і бульбасаджалкі – на 82. На жаль, справіцца з гэтым пакуль не ўдалося.

– Праблемы ёсць, – падкрэслівае В.М. Шылёнак, – але шмат чаго ўжо зроблена. Я не гавару пра  пасяўныя агрэгаты: тут без пакупкі запасных частак не абыдзешся. Але ж, напрыклад, машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў можна было давесці да ладу. Калі прааналізаваць арганізацыю рамонту ў канкрэтных гаспадарках, то малюнак атрымліваецца дастаткова стракаты: у адных гатоўнасць тэхнікі высокая, у другіх – нулявая. Як заўсёды, на высокім узроўні арганізаваны рамонт у ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, там на лінейцы гатоўнасці стаяць плугі, чызельныя культыватары, машыны для ўнясення ўгнаенняў. З лепшага боку можна адзначыць арганізацыю рамонтных работ у ДП “Гняздзілава-Агра”, дзе з падрыхтоўкай да вясны глебаапрацоўчай тэхнікі справіліся, ужо адрамантавалі два пасяўныя агрэгаты, у стадыі завяршэння знаходзяцца “АПП-6” і “Лемкен”. Не тармозяць з падрыхтоўкай тэхнікі да вясны  ў  СГФ “Бягомльскі” і ААТ “Замастачанскі”, дзе справіліся з рамонтам культыватараў, плугоў і рамантуюць пасяўныя агрэгаты трохметровага захвату “Лемкен”.  Зацішша назіраецца на мехдварах ДП “Порплішча” і ДП “АграСітцы”. Праўда, у мехмайстэрні ДП «Порплішча» на дзень нашага прыезду ішоў рамонт пасяўнога агрэгата «АПП-6П». Завіхаўся ля свайго «Беларуса» механізатар Леанід Занько (на здымку), які заняты выдаленнем гною з фермы.

— Асноўнай прычынай адставання ад графіка па рамонце пасяўных агрэгатаў з’яўляецца недахоп грашовых сродкаў, за якія трэба набываць запчасткі, — удакладняе В.М. Шылёнак. —  Гэту праблему стараюцца вырашыць кіраўніцтва райсельгасхарчу разам з сельгаспрадпрыемстывамі за кошт рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *