Ананімныя званкі да ўвагі не прымаюцца

У мінулы панядзелак старшыня райвыканкама Алег Пінчук правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. На яе патэлефанавала 5 чалавек. Друкуем кароткую справаздачу.

Ларыса Эдмундаўна Пагудзіна, в. Станіслаўцы: «Скажыце, як налічваецца мінімальная заработная плата? Я за мінулы месяц атрымала ўсяго 300 тысяч рублёў».

А.Л. Пінчук: “Адказ на сваё пытанне вы можаце знайсці ў раённай газеце. Там усё растлумачана. Трэба толькі ўважліва прачытаць. А што датычыцца канкрэтнага выпадку, то трэба правяраць на месцы, па тэлефоне адказаць вам немагчыма. Я даручаю начальніку райсельгасхарчу Наталлі Бортнік выехаць на месца і разам з в.а. дырэктара  ДП “АграСітцы” М.У. Транчэўскім і начальнікам аддзела планавання, уліку і рэфармавання сельскай гаспадаркі М.Э. Клімовіч разабрацца ў вашым выпадку і праверыць правільнасць налічэння вам заработнай платы.”

Валянціна Мікалаеўна Пусташылава, г. Докшыцы, вул. Школьная, д.14: “Нашаму дому ўжо 30 год. Дах (плоскі) увесь працякае. Мы звярталіся ў камгас, там адказалі, што каб пачаць рамантаваць, трэба пачакаць, пакуль падсохне. Мы хочам, каб нам зрабілі 2-скатны дах”.

А.Л. Пінчук: “Такіх дамоў, як ваш, некалькі. Ёсць яны і ў Докшыцах, і ў Крулеўшчыне. Трэба па кожным доме асобна глядзець, што і як зрабіць. Растане снег, падсохне, і рамонт будзе зроблены. Што тычыцца капітальнага рамонту, то ён будзе праводзіцца ў тых дамах, якія запланаваны на гэты год. А капітальны рамонт вашага на гэты год не запланаваны. Таму абяцаць, што менавіта 2-скатны дах у вашым доме будзе зроблены, не магу. Ваша пытанне будуць разглядаць і прымаць неабходныя меры мой намеснік па будаўніцтве А.В. Шнітко і дырэктар РУП ЖКГ А.У. Хілько”.

У той дзень на “прамую лінію” паступілі яшчэ 3 тэлефанаванні. Але тыя, хто званіў, чамусьці не захацелі назваць свае прозвішчы. У гэтай сувязі варта нагадаць пра тое, што, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь № 303-3 ад 18.07 2011 г. “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”,  ананімныя звароты не належаць разгляду, калі не ўтрымліваюць звестак аб здзейсненым злачынстве або аб злачынстве, якое рыхтуецца. Такім чынам, яшчэ раз нагадваем  вам, паважаныя грамадзяне, што пры звароце на “прамую” ці “гарачую” лінію вы павінны паведаміць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, дадзеныя аб сваім месцы жыхарства, работы ці вучобы і дакладна выкласці сутнасць свайго звароту. Толькі ў такім выпадку зможаце атрымаць на сваё пытанне адказ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *