Час для роздуму

Прайшлі тысячагоддзі з таго часу, як з’явіліся людзі. Азірнуўшыся назад, мы ўсведамляем, які вялікі шлях яны прайшлі, каб палепшыць умовы жыцця на гэтым свеце. Часта гэта станавілася мэтай жыцця, адзіным заняткам. Некаторыя столькі часу аддаюць яму, што забываюць пра сваю душу. Жадаючы палепшыць умовы жыцця сваім блізкім,  ахвяруюць іх здароўем і шчасцем. А што такое добрыя ўмовы для жыцця? Што значыць быць шчаслівым? Можна ўсё мець і  быць няшчасным. А можна мала мець і быць шчаслівым.

Назіраючы за жыццём, заўважаем, што найбольшае няшчасце для чалавека – гэта стан поўнага смутку, тугі. На дне пакутаў многіх людзей знаходзіцца не праблема духоўнай ці матэрыяльнай нястачы, а адсутнасць любячай асобы ў іх жыцці. І наадварот, чым больш чалавек акружаны любімымі і любячымі асобамі, тым больш ён шчаслівы.

Святы апостал Ян звяртае нашу ўвагу на цесную сувязь паміж здольнасцю любіць бліжняга і любіць Бога. Ён пытаецца: “Той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, якога не бачыць?.. Той, хто любіць Бога, той і брата любіць свайго”.

Святое Пісанне гаворыць, што наша здольнасць любіць пачынаецца з кантакту паміж асобамі: мужам і жонкай, дзецьмі і бацькамі, іншымі людзьмі, якія адыгрываюць важнае месца ў жыцці. Усведамленне таго, што ад адносінаў з людзьмі залежыць шчасце кожнага чалавека, дае нам зразумець, чаму Біблія так моцна завяшчае любіць бліжняга як самога сябе.

Мы знаходзімся ў перыядзе Вялікага посту. У часе роздуму над жыццём, сваім шчасцем, адносінамі паміж людзьмі. Прайшла прабачальная нядзеля, калі людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння, стараліся вызваліць душу ад старых крыўдаў і грахоў. Наперадзе час, калі можна паразважаць над тым, як ты жывеш і чаго можна чакаць пасля пераходу ў другі свет. У нас ёсць час падумаць і стаць лепшымі. Як каталікі, так і праваслаўныя вернікі жывуць у чаканні Божага ўваскрашэння. У гэты час можа перарадзіцца  і душа нават самага чэрствага чалавека. Гэтага толькі трэба вельмі захацець. Пакаяцца. Папрасіць прабачэння.

У чаканні Божага ўваскрашэння жывуць зараз хрысціяне. Шлюбнымі вузамі перапляліся праваслаўныя і каталікі. Дзве святыні (праваслаўная і каталіцкая) стаяць амаль што побач у аграгарадку Порплішча (на здымку). Ідучы па адной дарозе на малебны і разыходзячыся на скрыжаванні дарог на гадзіну-другую па храмах, людзі зноў аб’ядноўваюцца на  шляху ў вечнае жыццё.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *