Па патрэбе душы

Няма ніякага сэнсу ў тым, каб жыць і казаць штосьці, акрамя праўды. Няма ніякага сэнсу ў тым, каб жыць і нікому ніколі не дапамагаць. Жаданне дапамагчы тым, каму гэта патрэбна больш за іншых, – маленькім, абдзеленым бацькоўскай любоўю, надзеленым  псіхалагічным неспакоем – можна аднесці да звычайнай патрэбнасці душы. Душа, якая прасякнута міласэрнасцю, у кожным чалавеку, асабліва калі той жыве ў нястачы, незалежна ад яго недахопаў, бачыць вобраз Божы. Менавіта такую патрэбнасць маюць супрацоўнікі ЗАТ “Альфа-банк” на чале з кіраўнічым дырэктарам Аляксеем Загарыным. Яны ўжо другі раз за чатыры месяцы са шматлікімі падарункамі наведваюць Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат для дзяцей-сірот.

– Гэта асабістая ініцыятыва нашых работнікаў, яны збіралі ўласныя грошы, каб парадаваць дзяцей, – распавядае Аляксей Загарын. – Напярэдадні Новага года нам захацелася зрабіць свята тым, у каго, па сутнасці, яго не будзе. Мы шукалі школу-інтэрнат, якая не распешчана спонсарскай дапамогай, як звычайна бывае з такімі школамі ў вялікіх гарадах (у іх доўгія спісы спонсараў).

На шчасце, аказалася, што ўраджэнец Докшыцкага раёна працуе ў “Альфа-банку”. Гэта Сяргей Шэка, ён і падказаў, што можна скіраваць дабрачыннасць на Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат.

– Успамінаецца, як яшчэ школьнікамі мы прыязджалі сюды ставіць спектакль: балючая розніца паміж намі, дагледжанымі, абласканымі дзецьмі, і тымі, хто сядзеў у зале, – кажа былы выпускнік Тумілавіцкай школы. – Хочацца, каб гэтая розніца не была адчувальнай. Магчыма, наш невялічкі ўнёсак гэтаму паспрыяе. Мне асабліва прыемна, што калегі для дабрачыннасці пасля абмеркавання абралі менавіта школу маёй малой радзімы.

Такім чынам адбылося знаёмства спонсарскага “дэсанта” з бягомльскімі выхаванцамі. Зараз работнікі “Альфа-банка” дзеляцца, што баяліся пакінуць школу-інтэрнат у цяжкім эмацыйным стане, а выйшла наадварот: дзеці ўсміхаліся і шчыра радаваліся гасцям, ахвотна ішлі на кантакт. Яны пасябравалі, і 26 красавіка зноў два мікрааўтобусы прыехалі ў школу – не толькі з падарункамі, але і з сапраўдным фокуснікам, які прадставіў удзячнай публіцы, акрамя іншых цудаў, чатырох велізарных папугаяў.     

– Нам вельмі важна не толькі дапамагчы матэрыяльна, але стварыць свята для душы дзіцяці – хай на кароткі час, – заўважае Аляксей Загарын. – Яшчэ важна, каб дапамога была не напаказ, бо гэта рэч даволі інтымная. Мы робім гэта не дзеля піяру, а для душы.

Станоўчы “вірус” – дабрачыннасць

Але нават, калі ствараць дабрачыннасць ціха – яна перадаецца, ёю “заражаюцца”, як станоўчым вірусам. Кліенты “Альфа-банка”, прадстаўнікі ЗАТ “Энергапра”, выпадкова даведаліся пра сяброўства банка з дапаможнай школай і вырашылі далучыцца. 26  красавіка і іх каманда пачала сваё сяброўства з выхаванцамі. Яны, як і “Альфа-банк”, прывезлі з сабой сродкі гігіены, адзенне, рэчы для малявання, прылады для бісерапляцення, спартыўны інвентар, салодкія падарункі. Кожнаму дзіцяці прызначаўся асабісты пакет, дзе было пазначана яго імя. Кожны атрымаў сваю часціну цуду – матэрыяльнага і маральнага.

– Нас прынялі вельмі цёпла, – дзеліцца ўражаннямі юрыст ЗАТ “Энергапра” Кацярына Цітавец. – Эмоцыі самыя прыемныя: мы паспрабавалі стварыць свята дзецям, а яны сваімі ўсмешкамі стварылі яго нам. Абавязкова прыедзем сюды зноў!  

У планах спонсараў – правесці конкурс дзіцячых малюнкаў “Дом (вёска, горад) маёй мары”, які быў аб’яўлены зараз, а вынікі будуць падведзены 1 чэрвеня. Ім важна ведаць, пра што мараць дзеці, бо дзеці мараць шчыра. Калі атрымаецца, кіраўнічы дырэктар ЗАТ “Альфа-банк” хоча арганізаваць выставу работ у банку ці правесці аўкцыён, сродкі ад якога зноў жа будуць накіраваны ў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат.

Ёсць на свеце адзін горад – Мадрыд, дзе насамрэч пабудавалі шмат таго, пра што марылі дзеці. Кажуць, што гэта зрабіла яго жыхароў больш шчаслівымі. Мажліва, калі мы звернемся да шчырых мар дзяцей, то таксама зможам зрабіць наваколле больш светлым і добрым.

…Было бачна, што выхаванцы Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат чакалі гасцей. Дзеці прымалі мяне за адну з іх, пакуль спонсары былі ў дарозе: “А вы не адна, а дзе астатнія? А ў мяне ёсць сябры ў вашай камандзе”. Яны будуць чакаць сваіх новых дарослых сяброў і зараз, а тыя абавязкова яшчэ завітаюць да дзяцей, па патрэбе душы. 

Тэкст і фота Таццяны МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: выхаванцы школы з атрыманымі падарункамі і фокуснікам пасля прадстаўлення, побач з імі – сябры-спонсары: Аляксей Загарын першы ў апошнім раду.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *