А в душе бегомльского ветерана — солдатский май
Май, бадай, самы святочны месяц года, бо апранаецца ў духмяны водар кветак, поўніцца спевам салаўёў, адзначаны вялікім святам – святам Перамогі. Напрыканцы ваеннага фільма Мікалая Лебедзева “Зорка” гучалі такія словы: «…душы тых, хто быў забіты на вайне, абавязкова прылятаюць у маі – паглядзець на сваю квітнеючую мірную Радзіму, за якую яны аддалі жыцці». Глядзяць з нябёсаў былыя салдаты на людзей, што абудзіліся з вясной, што радуюцца сонцу і дажджу, зазіраюць да сваіх сяброў ваеннага ліхалецця. Той, хто быў на вайне і застаўся жывым, не вярнуўся без страт. Але памяць пра сяброў, пра родных, што засталіся ў далёкіх саракавых, не можа знішчыць ніякая зброя.
– Цікава, ці жывы зараз мой ваенны сябра Адам Асіповіч? Раскідала нас жыццё, – як бы хоча дазнацца ў цішыні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Якаўлевіч Скакун. – Вось з Колем Гаўрыловічам у партызанах мы моцна сябравалі, але пасля, на фронце, яго забілі…
Давялося Пятру Якаўлевічу і брата пахаваць. Вайна сустрэла яго васемнаццацігадовым хлопцам, які ў 1943-м разам з братам з родных Клінікаў пайшоў у партызаны. Самааддана ваяваў у трэцім атрадзе першай роты брыгады Жалязняк, удзельнічаў у пераправе праз Беразіну нашых танкаў і пяхоты пры вызваленні Беларусі. Але да вызвалення была яшчэ жудасная блакада, здрада аднавяскоўца, які пайшоў у паліцаі і з-за якога забілі жонку і дзяцей Скакуна старэйшага. Пасля і страта брата…
– Выцягнуў яго, ужо нежывога, з поля бою, – узгадвае ветэран. – Знайшоў каня, паклаў брата на дошчачкі, завёз у лес, засыпаў зямлёй і ўсё. Яшчэ даў салют з аўтамата – стрэліў у паветра…
Пасля таго, як вызвалілі Мінск, Пятра Скакуна забралі ў армію, далі абмундзіраванне. Ён трапіў у першую Маскоўскую гвардзейскую дывізію. З ёй малады салдат браў Кёнігзберг.
– Нам тады казалі: ні кроку назад. Мы ішлі толькі наперад, а на дахах шмат яшчэ немцаў сядзела – многа нашых тады палягло.
Быў моцна паранены і Пётр Якаўлевіч – разбітыя нага і рука. Так ён апынуўся ў шпіталі ў Казані, дзе і сустрэў 9 мая 1945 года. Радаваліся неймаверна! Тых, хто не мог падысці да “святочнага стала”, па словах салдата, падцягвалі разам з ложкам. Традыцыйныя пераможныя сто грамаў і стравы з бульбы і рыбы складалі галоўнае меню, але, мяркую, гэтае было лепшае застолле ў жыцці Пятра Скакуна.
Пасля перамогі быў выпісаны ў Мінск, гіпс знялі ў Бягомлі, дзе ветэран жыве зараз. Далі маладому хлопцу другую групу інваліднасці: пальцы пасля ранення на руцэ не гнуліся зусім. Лёс ён звязаў са сваёй малой радзімай, вызваленай ім. Тут спаткаў спадарожніцу на ўсё жыццё, выгадаваў з ёй дваіх дзяцей. Працаваў у бухгалтэрыі, судовым выканаўцам, загадчыкам гаспадаркай – шмат кім быў ды славу ваеннага героя пранёс праз усё жыццё. Гэты дзень Перамогі Пётр Якаўлевіч Скакун сустрэне ўжо адзін, без жонкі – але начысціць медаль партызанскай брыгады «Жалязняк», ордэн Айчыннай вайны першай ступені, ордэн Чырвонай зоркі, іншыя медалі. А ў душы зноў заспявае май сорак пятага.
Таццяна МАЦЮШОНАК.
Фота А. Варанковіча.