Она была свидетелем того, как горела Шуневка в Докшицком районе

Мая маці, Вольга Кандратаўна Потас, жыла ў вёсцы Варлань. Зараз па прычыне свайго старэчага ўзросту, а ёй 86 год, жыве ў мяне ў Жодзіна, але сувязі са сваёй малой радзімай не парывае. Мы ёй выпісваем раённую газету “Родныя вытокі”, якую мама ўважліва чытае і з нецярпеннем чакае чарговага нумара. Асабліва яе крануў артыкул пра Шунеўку і вось чаму…

Нарадзілася матуля ў Будзілаўцы. Гэта недалёка ад Шунеўкі, але мама там ні разу не была. Вёска знаходзілася як раз на самой мяжы з Заходняй Беларуссю, і праход туды быў, канечне,  забаронены. Калі ўстанаўлівалі мяжу, то людзей з вёсак, якія трапляліся на яе шляху, кудысьці высялялі. Так здарылася, напрыклад, з жыхарамі вёскі Баравая, якіх перасялілі быццам бы ў Крупскі раён. У Шунеўцы дзяржаўная мяжа праходзіла ў канцы вёскі, адразу за агародамі. Пагранічная застава знаходзілася ў Скуратах на беразе ракі. Там стаялі вялікія драўляныя дамы для асабістага саставу заставы.

Пасля аб’яднання Беларусі ў 1939-м годзе, калі мяжа была ліквідавана, свабодны рух для мясцовых жыхароў яшчэ доўгі  час быў забаронены.

Вялікую Айчынную вайну мама без слёз успамінаць не можа. Набачылася ўсяго такога, што хопіць на некалькі жыццяў. Была і міжвольным сведкам трагедыі Шунеўкі.

У красавіку—маі фашысты на Бягомльшчыне пачалі карную акцыю, у час якой палілі вёскі, часта разам з людзьмі. З Будзілаўкі было бачна, як гарэлі Вольберавічы. Апуджаныя жыхары Будзілаўкі ўцяклі ў лес і схаваліся там, спадзеючыся перачакаць страшны час. Але дома засталася жывёла, і некаторыя сталі паціху вяртацца. Немцы наляцелі неспадзявана. Усіх, каго знайшлі ў хатах, сагналі ў хлеў, абклалі яго саломай. Пасля гэтага ўжо ніхто не сумняваўся, што будзе спалены зажыва. Людзі галасілі, развітваліся адзін з адным. Але нечакана расчыніліся дзверы, і немцы пачалі выпіхваць людзей. Паставілі ў калону і пад канвоем пагналі ў Юхнаўку. Там спачатку адправілі ўсіх у канюшню, дзе былі ўжо людзі з суседніх вёсак, потым выгналі на вуліцу. У бок адпіхнулі падлеткаў і старэйшых дзяцей. Сярод іх была і мая маці.

Пасадзілі ўсіх у машыны і павезлі ў Докшыцы праз Шунеўку. Мама глядзела на вёску ва ўсе вочы, бо ёй так і не давялося раней пабыць тут. Але вёскі ўжо не было. Да вайны хаты ў ёй стаялі ўздоўж вуліцы, зараз на іх месцах дыміліся галавешкі. Машына павольна рухалася сярод пажарышча, і раптам з грудзей усіх вырваўся агульны стогн: паказаўся спалены хлеў з абгарэлымі трупамі людзей. Ля адной сцяны былі добра бачны рэшткі жанчыны, якая прыціскала да сябе, як бы стараючыся зберагчы ад полымя, дваіх маленькіх дзетак.

Усе аслупянела глядзелі на гэты жах, па тварах цяклі слёзы, вусны шапталі праклён фашыстам. Для Шунеўкі наступіў жудасны канец, а для гэтых хлопцаў і дзяўчат толькі  пачыналася жыццё ў фашысцкім рабстве далёкай Нямеччыны.

Ніна САКАВА,
г. Жодзіна.

Один комментарий для “Она была свидетелем того, как горела Шуневка в Докшицком районе

  • 29.06.2012 в 11:28 дп
    Permalink

    Нина, здравствуйте.
    Прошу Вас связаться со мной по электронной почте.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *