Докшицкие школьники активно заготавливают металлолом и макулатуру

З дзяцінства ўзгадваюцца вершаваныя радкі, якія любілі паўтараць мы, маленькія: “Ходзяць дзеці з дома ў дом: дзе знайсці металалом? Падала ім голас бляха: я даўно ўжо знята з даху”. Зараз цяжка высветліць аўтара і год напісання гэтага вершыка, але кожны, мяркую, убачыць у іх масток паміж савецкім школьным мінулым і цяперашнімі вучнямі. Зараз у школах таксама збіраюць металалом і макулатуру, прыносячы карысць і дзяржаве, і сабе.

Перапрацоўка металалому мае вялікае эканамічнае і экалагічнае значэнне – і гэта ўжо даўно не навіна. Асноўныя стымулы і выгоды перапрацоўкі гэтай другаснай сыравіны — паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі, скарачэнне аб’ёмаў паліва для атрымання важных металаў і гэтак далей.

Не ўступае ў карыснасці і яшчэ адна значная другасная сыравіна – макулатура. Яе выкарыстанне эканоміць шмат драўніны і дазваляе паменшыць высечку лясоў (1 тона макулатуры замяняе каля 4 кубічных метраў драўніны альбо 100 кг макулатуры выратоўваюць 1 дрэва).

Кожны год у скарбонку рэспублікі, згодна з планам, даведзеным розным арганізацыям, трапляе шмат другаснай сыравіны, якая прыносіць пэўны даход. Наш раён не з’яўляецца выключэннем у гэтай плыні, і па-ранейшаму важкай сілай у зборы металалому і макулатуры з’яўляюцца школы і іх вучні.

– Металалом заўсёды спраўна збіраюць Параф’янаўская, Бярозкаўская, Тумілавіцкая і Парплішчанская сярэднія школы, – распавядае намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Кучыц. – Макулатуру збіраюць яшчэ лепш: пастаянна выконваюць і нават перавыконваюць план усе школы.

Нягледзячы на тое, што сезон збору заканчваецца толькі восенню, на 30 красавіка бягучага года стапрацэнтны рубеж плана па зборы папяровай другаснай сыравіны пераадолелі ўжо 5 школ: Гарадзішчанская (144 % да плана), Глінская (121 %), Докшыцкая школа № 2 (150 %), Крыпульская школа (102 %), Параф’янаўская (100 %). Металалом таксама збіраюць актыўна: перавыкананы план у Бярозкаўскай школы – 147,8 %, 100 працэнтаў мае на рахунку зноў жа Гарадзішчанская школа, у заліку Параф’янаўскай і Таргуноўскай – 76 працэнтаў да плана.

Працаваць на вынік

Дарэчы, у Параф’янаўскай сярэдняй школе нас запэўнілі, што металалому яны назбіралі ўжо больш чым даведзена планам, але яшчэ не паспелі звезці. Раўняюцца на мінулы год: тады гэта навучальная ўстанова здала 8 тон 200 кг металічнай другаснай сыравіны пры плане 7 тон.

– Сёлета нам даведзены план 3 тоны, – уводзіць у курс справы дырэктар Параф’янаўскай СШ Віктар Каросцік. – З кожным годам у навакольнай мясцовасці ўсё менш  застаецца металалому, таму і план зніжаецца. Але мы трымаем планку: прыкладна 3,5 тоны назбірана, частка звезена, астатняе яшчэ чакае звозу на падворках вучняў і школы.

Безумоўна, каб дзеці з радасцю ішлі на пошукі другаснай сыравіны, іх трэба заахвоціць. Калі ведаеш, што напрыканцы акцыі па зборы цябе чакае цікавае падарожжа, то і сам збор ператвараецца ў своеасаблівую гульню. Такім чынам, дзеці, якія назбіралі  больш за іншых макулатуры, адправяцца ў запаведнік. Сярод класаў у мінулым годзе быў лепшы цяперашні шосты, дзеці вырашылі і сёлета перамагчы і за прызавыя грошы ад дзвюх перамог наведаць Мінск з дэльфінарыем і рознымі музеямі. У “першынстве” па зборы металалому лідзіруюць часцей за ўсё старэйшыя класы. У мінулым годзе чэмпіёнам быў 11 клас, прызавыя грошы вучні скарысталі на свята выпуску са школы.

Трымаюць марку лепшых у гэтай справе дзевяцікласнікі з вёскі Юркаўшчына Іван Давыдаў, Вадзім Ціхановіч і Дзяніс Каросцік.

– Мы рады дапамагчы роднай школе, тым больш, у нашых мясцінах можна было знайсці шмат металалому, – расказвае Ваня Давыдаў. –  Раней тут быў гаспадарчы двор – зараз у лесе, у траве можна ўбачыць непатрэбнае жалеззе. Мы шукаем, адкопваем… Адчуваем канкурэнцыю з іншымі вучнямі, імкнемся перамагчы. 

– Увогуле, нашы хлопцы малайцы, – уключаецца ў размову Віктар Карлавіч. – Яны паспяваюць і за сябе, і за дзяўчат назбіраць!    

Работы не баяцца параф’янаўскія вучні: на суботнік яны выйшлі на двор ААТ “Докшыцкі  райаграсэрвіс”, дзе дапамаглі прадпрыемству ва ўборцы тэрыторыі. Непатрэбнае смецце-металалом школа забрала сабе.

Такім чынам, у Параф’янаўскай СШ, як і ў іншых школах раёна і ўсёй краіны, працягваюць добрую савецкую традыцыю па зборы другаснай сыравіны, якая не толькі прыносіць карысць дзяржаве, але і выхоўвае пачуццё адказнасці, згуртоўвае і прывучае з маленства працаваць на вынік.  

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: выпускнікі Генадзь Грыгаровіч і Васіль Норавіч (злева направа) грузяць “трафеі” за суботнік у ААТ “Докшыцы райаграсэрвіс”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *