Совершенствуется механизм назначения и выплаты пособия по уходу за инвалидами I группы и пожилыми
У адпаведнаці з пастановай Саўміна № 460, удасканальваецца механізм назначэння і выплаты дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы і пажылых грамадзян, старэйшых за 80 гадоў.
Якія найбольш значныя змены адбыліся, запыталі ў начальніка аддзела прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгі Камінскай.
Па-першае, пашырана паняцце пастаяннага догляду. Зараз гэта не толькі аказанне штодзённай дапамогі па забеспечэнні жыццядзейнасці грамадзяніна, такой, як асабістая гігіена, апрананне, прыём ежы і іншае, але і падтрыманне аптымальнага ўзроўню фізічнага, псіхічнага і эмацыйнага дабрабыту. Інваліду I групы або асобе ва ўзросце 80 гадоў і старэйшай могуць дапамагаць падтрымліваць сацыяльныя кантакты, арганізоўваць вольны час ці бяспечныя ўмовы пражывання.
Па-другое, бацькам, дзецям, мужу і жонцы, апекунам (папячыцелям) інвалідаў I групы або асоб 80 гадоў і старэйшых, прадастаўляецца права на атрыманне дапамогі ў выпадках, калі яны працуюць па працоўным дагаворы на ўмовах няпоўнага працоўнага часу; зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і не ажыццяўляюць дзейнасць; знаходзяцца ў акадэмічным водпуску і іншыя катэгорыі.
Па-трэцяе, устаноўлена права на дапамогу па доглядзе інваліда І групы пры наяўнасці патрэбнасці ў пастаянным доглядзе (раней такая ўмова прымянялася толькі ў адносінах да асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту).
Тут трэба адзначыць, што патрэбнасць у доглядзе пацвярджаецца для інвалідаў І групы – заключэннем медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, абілітацыі інваліда; для асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, – заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя.
Па-чацвёртае, удакладнены патрабаванні да бакоў догляду. Так, па назначэнне дапамогі па доглядзе маюць права звяртацца грамадзяне ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў (раней – жанчыны да 60, мужчыны да 65 гадоў).
Па-пятае, удакладнены пералік падстаў для спынення выплаты дапамогі па доглядзе. Так, да іх дадаткова аднесены:
–аб’яўленне органам унутраных спраў вышуку асобы, якая ажыццяўляе догляд;
– прызыў для праходжання ваеннай або альтэрнатыўнай службы, а таксама службы ў органах унутраных спраў, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях;
– атрыманне рэнты непрацаздольным грамадзянінам па дамове пажыццёвага ўтрымання з утрыманнем;
– выяўленне ў атрымальніка дапамогі непагашанай або нязнятай судзімасці за злачынствы, прадугледжаныя ў артыкулах 19 – 22 і 24 Крымінальнага кодэкса, а таксама за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы.
Удакладнены падставы для спынення выплаты дапамогі па доглядзе ў выпадках аказання атрымальніку догляду сацыяльных паслуг.
Па-шостае, прадугледжана магчымасць пагашэння сум, што ўтварыліся ў выніку пераплаты дапамогі па доглядзе ў добраахвотным парадку.
Раней было толькі ў судовым парадку.
Па-сёмае, вызначаны падставы для прыпынення выплаты дапамогі па доглядзе (раней – толькі спыненне з магчымым наступным аднаўленнем). Падставамі служыць праходжанне стацыянарнага, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, рэабілітацыя, кароткатэрміновае (да 1 мес.) знаходжанне непрацаздольнага грамадзяніна ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, якія аказваюць сацыяльныя паслугі ў стацыянарнай форме, сесія ў іншым населеным пункце, перагляд медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй для пацверджання групы інваліднасці, перамена месца жыхарства.
Па-восьмае, устаноўлена перыядычнасць пацвярджэння факта ажыццяўлення пастаяннага догляду. Так, на працягу першага года выплаты органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзяць маніторынг штоквартальна, на працягу другога і трэцяга года – кожнае паўгоддзе, а затым – штогод.