Славный город Полоцк приглашает на юбилей
Велічны Полацк – калыска хрысціянскай духоўнасці, друкаванага слова, беларускай гісторыі. Найстаражытнейшы, ён нарадзіў такіх асоб, якія сталі цэнтральнымі фігурамі для Беларусі і ўсяго свету на ўсе часы. Ганаровая прыгажуня-Рагнеда, магічны Усяслаў Чарадзей, апора святасці прападобная Еўфрасіння, славуты асветнік, навукоўца і вынаходнік друкарскага станка Францыск Скарына, мудры багаслоў, пісьменнік і паэт Сімяон Полацкі… Можна працягваць яшчэ доўга. Полацк – гэта месца моцы, канцэнтрацыя небывалай касмічнай энергіі, магутная памяць продкаў. Сёлетнім маем полацкія сівыя муры па-святочнаму ўзгадаюць былыя стагоддзі: 1150 год таму горад пачаў сваю гісторыю над Дзвіной.
Урачыстасці з нагоды юбілею будуць доўжыцца з 25 мая да 5 чэрвеня – Дня памяці Еўфрасінні Полацкай. Горад плануе прыняць да 3000 гасцей. Асноўную канцэпцыю свята можна вызначыць трыма тэзісамі: Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці, Полацк – духоўна-асветніцкі і культурны цэнтр, Полацк – сучасны еўрапейскі горад. Да юбілею распрацаваны тры новыя спецыяльныя турыстычныя маршруты. Таксама жыхароў і гасцей горада чакае інтэрактыўны фестываль музейных калекцый, міжнародны фестываль “Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі” і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на базе Полацкага дзяржуніверсітэта. Акрамя таго, у юбілейныя дні ў горадзе над Дзвіной адбудуцца міжнародная праваслаўная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў гарадоў трох Святых Сафій – Ноўгарада, Кіева і Полацка, Крыжовы шлях і сумеснае богаслужэнне царкоўных іерархаў, міжнародныя фестывалі звону і праваслаўнай творчасці. У складзе дэлегацый гарадоў-пабрацімаў Полацк наведаюць не толькі афіцыйныя асобы, але і творчыя калектывы, народныя майстры і ўмельцы, якія прадэманструюць сваё майстэрства на традыцыйным кірмашу рамёстваў. Мяркуецца, што з нагоды юбілею ў Полацк вернецца папулярны фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”.
Юбілейны горад падрыхтаваў для ўдзельнікаў урачыстасці шмат прыемных падарункаў. Сярод іх — эксклюзіўны святочны сертыфікат, які сведчыць пра наведванне геаграфічнага цэнтра Еўропы (як вядома, ён знаходзіцца ў Полацку). Таксама выдадзена памятная манета з срэбра 925 пробы і сувенірны канверт з маркай, які падчас свята будзе гасіцца спецыяльным штэмпелем.
ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012 — 2013 гадоў. У штаб-кватэры гэтай міжнароднай арганізацыі ў Парыжы ў кастрычніку 2012 года пройдзе выстава, прысвечаная падзеі. Ужо пачалася падрыхтоўка экспазіцыі, у якую будуць уключаны фотаздымкі, што распавядаюць пра мінулыя і цяперашнія дні Полацка.
Славуты горад запрашае на свята ўсіх, хто мае патрэбу дакрануцца да гісторыі Радзімы і раздзяліць з ім радасць значнай даты. Юбілей Полацка павінен стаць буйной нацыянальнай і міжнароднай падзеяй, якая, безумоўна, садзейнічае турыстычнаму іміджу Беларусі.
Таццяна МАЦЮШОНАК.