Рапсодыя на парплішчанскіх палях

Механізатары ДП «Порплішча» Вадзім Ламановіч і Анатоль Кіцько (злева направа), аграном Вікторыя Трафімовіч.

Азімы рапс паўсюдна па  раёне выйшаў сёлета з-пад снегу, як ніколі за апошні час, добра. Раскусціліся расліны, падняліся ўгору, выкінулі бутоны. Вось-вось заліюцца ярка-жоўтым колерам палі. Значыць, прыйшла пара папрацаваць над  імі, каб не загубіць атрыманае. Актыўна вядуць падкормку і хімпраполку рапсу ў ДП “Порплішча”. Актывізацыі работы садзейнічае “Дзвіна” на пнеўматычных колах, якую нядаўна атрымала прадпрыемства. Нягледзячы на вільготнасць глебы, да дзвюх нормаў у дзень дае на ёй вопытны механізатар Вадзім Ламановіч. Па яго словах, розніца ў апрацаваных гектарах заключаецца ў контурнасці палёў. Там, дзе разгон вялікі, – толькі націскай на педаль газу і машына, як самалёт, набірае хуткасць. Што тычыцца якасці, то навігатар не дасць, калі б і хацеў механізатар, працаваць з бракам. Няма праблем і з запраўкай ядахімікатамі, вадой. На “Беларусе” з 10-тоннай бочкай працуе Анатоль Кіцько, які і дастаўляе ваду ў поле. За нормай запраўкі ядахімікатамі сочыць малады аграном Вікторыя Трафімовіч. Дарэчы, дзяўчына тут праходзіць пераддыпломную практыку і ўжо гарыць жаданнем застацца працаваць у нашым раёне, а яшчэ лепш – у ДП “Порплішча”.

– Рапс – культура выгадная, – гаворыць малады спецыяліст. – Калі падысці да  яго вырошчвання з адказнасцю, а значыць, вытрымаць тэхналогію: падабраць папярэднікаў (ні ў якім разе нельга сеяць крыжакветныя па крыжакветных!), падкарміць комплексам угнаенняў, правесці хімапрацоўку супраць шкоднікаў і хвароб, то прыбытак атрымаеш вялікі. Вось паглядзіце, на бутонах і тры, і чатыры мушкі з’явіліся, значыць, не траць час – аблі ядам, а то ўраджаю не будзе. Прыемна, што разумеюць справу механізатары, дбайна працуюць увесь светлавы дзень.

Тым часам у ДП “Порплішча” першымі ў раёне прыступілі да сяўбы яравога рапсу. Па стане на 2 мая было засеяна 78 гектараў пры заданні 180.

Аптымальныя тэрміны сяўбы наступілі, і марудзіць з ёй нельга. Усе сельгаспадаркі раёна займаюцца вырошчваннем рапсу, аднак сеюць яго толькі лічаныя. Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па стане на 2 мая ўключылася ў яго  сяўбу толькі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *