В Докшицком районе отпраздновали День Победы

Вялікая Айчынная вайна сталася ў гісторыі сапраўднай стыхіяй жудасці, жорсткасці, болю, якая змятала на сваім шляху ўсё жывое, якая падпарадкоўвала сваім невыносным законам усіх: і старога, і малога, і багатага, і беднага, чалавека ўлады і простага селяніна. Такой усеабдымнасцю валодае смерць, але і – жыццё. Таксама, як сем дзясяткаў таму страшная бяда здарылася агульнай, так і ўжо 67 год для нашага народа ёсць вялікая агульная радасць – святая, непахісная, вечная – Дзень Перамогі. Для ўсёй краіны, для кожнай хаты і кожнага сэрца, бо памяць немагчыма ўзяць у палон ці забіць. Памяць пра вайну даўно стала для беларуса генітычнай. Радасць Перамогі ў чарговы раз 9 мая раздзяліў увесь раён.

Святкаванне пачалося ў Докшыцах з ускладання кветак кіраўніцтвам раёна, ветэранамі, прадстаўнікамі працоўных калектываў да помніка Герою Савецкага Саюза І.С. Палявому і пахаваным салдатам. Затым кветкі як даніна памяці былі ўскладзены на мемарыяльным комплексе «Праклён фашызму» ў Шунеўцы і да падножжа брацкай магілы савецкім воінам і партызанам у Бягомлі.

Партызанская зямля вітае!

Тут, на партызанскай Бягомльшчыне, падрыхтавалі велічную ўрачыстасць. Спачатку госці свята, сярод іх кіраўнікі раёна і ветэраны, пабывалі ў музеі народнай славы. Для іх была падрыхтавана азнаямленчая экскурсія, якая закранула асноўныя моманты гісторыі краю і была выразна і кранальна падмацавана інсцэніроўкамі.

Дачка камандзіра брыгады “Жалязняк” С.С. Манковіча, Ніна Сцяпанаўна, пабачыўшы ў музеі фотаздымак, на якім яна зусім маленькая з татам, маці і братам, распавяла ўнікальную гісторыю гэтага фота. У хранікёраў вайны не было зброі, але яны ўжо тады змагаліся на франтах гісторыі.  Дзякуючы ім, мы маем праўдзівае ўяўленне пра вайну. Марыя Сухава здымала баявыя будні брыгады “Жалязняк”, была моцна паранена, але перад смерцю паспела закапаць фотаапарат з плёнкай пад дрэва і распавесці пра гэта. Праз дваццаць год на Бягомльшчыну з Сібіры прыехаў былы партызан брыгады, які ведаў пра месца. “Тайнік” адшукалі,   неверагодным чынам плёнка аказалася непашкоджаная, і зараз мы можам бачыць гэтыя кавалачкі гісторыі, у ахвяру якім было прынесена жыццё.

На двары музея разгарнулася вялікая пляцоўка, дзе было месца дзеянням з даваеннага і ваеннага жыцця, выставе кніг, віктарынам і конкурсам, сцэне, на якой гучалі песні Перамогі.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук павіншаваў прысутных са святам.

– Лепшая памяць пра ваш велічны подзвіг, дарагія ветэраны, — гэта вынікі нашай  штодзённай працы, клопат пра вас. Мы робім усё для таго, каб раён быў моцны, каб палепшыць умовы жыцця сёння і ўмацаваць той мір, які вы здабылі для нас.

Слова ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны трымаў Валянцін Іванавіч Якушэўскі. Ён узгадаў, што перамога здабыта цаной вялікай крыві, але мы маем шчасце радавацца ёй зараз, падзякаваў уладам раёна за ўвагу і клопат пра франтавікоў.

Былыя салдаты і сведкі трагічнай мінуўшчыны сціскалі ў далонях кветкі, слухаючы мелодыі вайны і Перамогі, не стрымліваючы слёз успамінаў. А “ўспаміны” былі па ўсёй пляцоўцы: госці маглі зайсці ў сапраўдны шацёр медсанбата, паглядзець, як перавязваюць параненых, як партызаны чысцяць зброю, ладзяць быт, як радыст спрабуе перадаць тэлеграму. Ля выставы “Радкі, апаленыя вайной” дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе вершаў і малюнкаў. Тры пераможцы віктарыны для дарослых, якая вызначала дасканалае веданне гісторыі роднага краю, атрымалі па кнізе “Памяць”. Вось адзін з іх – Сяргей Ярашэвіч гартае свой прыз:

– О, гэта мой сусед, ветэран Пётр Руткоўскі на здымку. Яго жонку і сына спалілі ў Шунеўцы, толькі старэйшы сын змог выжыць, зараз дзесьці ў Карэліі жыве…

Сяргей Ярашэвіч, які адпрацаваў у Дэпартаменце аховы 25 гадоў, знайшоў у кнізе і сябе – на фота, дзе ён удзельнік духавога аркестра ГЦК. Радаваліся прызам, а таксама прызнаваліся ў любові да малой радзімы і бягамльчане Уладзіслаў Шамецька і Уладзімір Капытка.

Докшыцкія акорды Перамогі

Для дакшычан свята пачалося з канцэрта дзіцячай самадзейнасці, які плаўна перайшоў у дарослыя спевы і танцы. Святкаваць прыходзілі сем’ямі: малышы радасна малявалі на асфальце, удзельнічалі ў турніры па шашках з салодкімі прызамі і бяспройгрышных латарэях, арганізаваных Цэнтрам дзяцей і моладзі і Цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бацькі маглі набыць сувенір ад Дома рамёстваў ці прысмакі ў палатках райста. Завяршыліся ўрачыстасці захапляльным феерверкам, у якім можна было адчуць далёкае прывітанне маскоўскага салюту сорак пятага.

Таццяна МАЦЮШОНАК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *