Интересный май

Май у аддзяленні дзённага прабывання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў насычаны рознымі масавымі мерапрыемствамі. Кожнае з іх пакінула асаблівы след у жыцці прабывальнікаў аддзялення  і ў памяці гасцей.

Дню Перамогі тут прысвяцілі два мерапрыемствы: “Гэтых дзён не змоўкне слава”, якое падрыхтавалі самі наведвальнікі,  і “Свет у чамаданчыку”, якое арганізавалі вучні Докшыцкай школы № 1 – пазаштатныя экскурсаводы школьнага музея І.С. Палявога пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Вольгі Калбасіч. Яны пазнаёмілі прабывальнікаў аддзялення з гісторыяй горада і раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паказалі фотаздымкі тых часоў і яшчэ шмат цікавых рэчаў, якія ўмясціў у сабе  чамаданчык. 

Нязменна традыцыі прайшло свята, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і. На мерапрыемства “Мая сям’я – мая радасць” наведвальнікі аддзялення прыйшлі разам са сваімі бацькамі. Разам яны чыталі вершы, спявалі, удзельнічалі ў конкурсах. Увазе гасцей прапанавалі невялікія інсцэніроўкі з сямейнага жыцця. Загадчыца аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Ала Закалінская пазнаёміла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства  з навінкамі  літаратуры і перыядычнага друку для сямейнага чытання. Напрыканцы свята ўсе  склалі калажы “Што значыць сям’я для мяне” (на здымку). Пасля дзяліліся ўражаннямі за сумесным чаяпіццем. 

Нядаўна адбылося яшчэ адно запамінальнае мерапрыемства да Дня памяці ахвяр СНІДу, якое называлася “Беражы свой заўтрашні дзень”. Цікавыя і адначасова сумныя факты пра бязлітаснасць гэтай хваробы распавёў прабывальнікам аддзялення загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Літвінок. Ён прывёў статыстыку захворванняў  СНІДам, расказаў пра шляхі заражэння і  мерах прафілактыкі ВІЧ, а таксама адказаў на шматлікія пытанні. Наталля Каляга, загадчыца аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі, расказала пра ахвяр СНІДу, паказала фотаздымкі знакамітых людзей, якія загінулі ад гэтай хваробы.

Усе засталіся перакананымі, што не павінны забываць пра небяспечнасць ВІЧ, а рабіць усё магчымае, каб папярэдзіць яго распаўсюджанне.

В. СЕМЯНЮК,
наведвальніца аддзялення дзённага прабывання інвалідаў ТЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *