Докшичане реализуют излишки молока государству и имеют выгоду
За першае паўгоддзе 2012 года ў насельніцтва раёна закуплена 3137 тон лішкаў малака, што складае 104 працэнты да аналагічнага мінулагодняга ўзроўню. Не выйшлі на мінулагодні ўзровень па закупках гэтай прадукцыі ў Параф’янаўскім сельсавеце – 98 працэнтаў, у Крыпульскім і Валкалацкім сельсаветах – па 96 працэнтаў. Найбольшае адставанне назіраецца ў Бягомльскім пассавеце. Тут да мінулагодняй лічбы не хапіла шасці працэнтаў.
У сярэднім па раёне на карову прыпадае 1559 кілаграмаў закупленага малака, што больш у параўнанні з мінулагоднім паказчыкам на 199 кілаграмаў. Але трывожыць, што змяншаецца колькасць кароў на прыватных падворках. Праўда, з рагулькай клопатаў хапае. Трэба рана ўстаць, своечасова падаіць, назапасіць сена і чаргу на пастве летам адбыць. Але ж карова ў асабістай гаспадарцы – справа выгадная. Не трэба купляць у магазіне сыр, масла, тварог, малако, а калі ёсць лішкі, то іх можна прадаць дзяржаве. Вось і дадатковая крыніца папаўнення сямейнага бюджэту.
– У Бягомльскім пассавеце па стане на 1 студзеня 2012 года налічвалася 133 каровы, што на 17 менш, чым было ў 2011 годзе, – гаворыць сакратар выканкама Людміла Дашыневіч. – З 40 вёсак пассавета ў 19 не трымаюць ніводнай каровы. У пяці вёсках ёсць толькі па адной. Найбольшая колькасць кароў налічваецца ў самім Бягомлі. Мы абышлі ўсе падворкі, гаспадары якіх трымаюць буйную рагатую жывёлу, і склалі 118 дагавораў-кантрактацый на продаж мясцовым дзяржпрадпрыемствам цялят і лішкаў малака. За здадзены маладняк, згодна з дагаворам, разлічыліся своечасова. Якаснае сена з дастаўкай дамоў у аб’ёме 815 тон выдзеліла ДП “АграБераснёўка”, 210 тон – СГФ “Бягомльскі” і 78 тон – ААТ “Замастачанскі”.
– Сёлета каля шасці тон малака, што ішло на продаж ад насельніцтва, было вернута назад, – працягвае Л. Дашыневіч. – Два разы ў малацэ былі выяўлены антыбіётыкі, адзін раз – павышаная кіслотнасць. Як бы ні націскалі на свядомае сумленне, але не-не, а і знаходзіцца чалавек, які, напрыклад, малако вадой разбавіць ці ад сквапнасці здасць яго ад каровы, якую лечаць антыбіётыкамі. У выніку малако, злітае ў агульную ёмістасць, вернуць назад, а грошы згубяць усе добрасумленныя малаказдатчыкі. Кошт аднаго літра хоць і не вялікі, а з красавіка гэта 2555 рублёў, што плаціць закупшчык, плюс 90 рублёў, якія ідуць з дзяржаўнай датацыі, усё ж важкі прыбытак у сямейны бюджэт. Агульная страта на тых шасці тонах склала больш, чым 13 мільёнаў рублёў. Пра гэта гаварылі нядаўна ў Прудніках на сходзе прадстаўнікі мясцовай улады і малаказборшчыкі са здатчыкамі малака.
Важкі прыбытак ад продажу малака, напрыклад, мае Марыя Садко з Пруднікаў, якая трымае дзвюх кароў на падворку і інакш як карміцелькамі іх не называе. У Бераснёўцы сям’я Ігара Дараховіча летась мела дзвюх кароў, але, прааналізаваўшы даход, набыла сёлета яшчэ адну. Штодзённа Дараховічы прадаюць у сярэднім 70 літраў малака.
Аліна Грыгаровіч з Порплішча трымае чатырох кароў, Мікалай Сіўцэвіч – трох. У гэтым аграгарадку знайшлі выгоду ў трыманні кароў рабочы Павел Ярмаковіч, даярка Зоя Далідутка, настаўніца Жана Лаўцэвіч ды і многія іншыя, у якіх на падворку па дзве каровы.
Не па адной карове ў гаспадарках даяркі ДП “Гняздзілава-Агра” Алы Грахоўскай, работніка бухгалтэрыі гэтага прадпрыемства Ніны Септа (на першым здымку), механізатара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віталія Малаша, дамашняй гаспадыні з Бярозаўкі Галіны Гурскай. Наўрад ці знойдзецца гаспадар, які, маючы рагулю, будзе сцвярджаць, што справа гэта няўдзячная і нявыгадная. Трэба толькі сумленна падыходзіць да яе: прадаваць свежае і якаснае малако, тады і прыбытак будзе большым, і страт не будзе па прычыне няякаснай прадукцыі.
– Закупам малака на тэрыторыі раёна займаюцца два прадпрымальнікі: Алег Асаёнак і Аляксандр Сясіцкі, – гаворыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Валянціна Бруяка. – Разлік за здадзеную прадукцыю вядзецца кожныя 10 дзён без затрымак. Перыядычна бярэцца малако на аналіз. Кожны з прадпрымальнікаў мае спецыяльныя апараты для праверкі на тлустасць. Гаспадары кароў, якія іншы раз не згодныя з вынікамі, звяртаюцца ў мясцовыя сельвыканкамы альбо ў наш аддзел. Робім аналізы на малаказаводзе альбо ў кантрольнай лабараторыі калегіяльна: разам з гаспадаром, прадстаўнікамі ўлады. Пытанні такога кшталту здымаюцца хутка.
Мінуў той час, калі нарыхтоўка сена была клопатам выключна гаспадара. Лічы, на 100 працэнтаў забяспечваюць ім уласных кароў мясцовыя сельгасарганізацыі: выдзяляюць пашу, арганізоўваюць за ёй догляд, прадугледжваюць вадапой.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
А много корова даёт молока?