Захаваць тое, што даецца нялёгкай працай

Пажарныя інспектары. Аб іх рабоце большасці людзей мала што вядома. Адны ведаюць, што такая служба ёсць, іншыя ж увогуле з ёй ніколі не сутыкаліся. Але ёсць і тыя, хто з сумам можа ўспомніць: “Пажарны заходзіў – штраф налажыў”. “Іх патрабаванні невыканальны,” – уздыхаюць некаторыя. Але давайце ўспомнім хаця б пажар у начным клубе “Хромая лошадь” (Перм, Расія). Трагедыі магло б не быць, каб пажарныя інспектары працавалі больш адказна. Чамусьці некаторыя лічаць, што выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі павінна пачынацца толькі пасля праверкі пажарнага інспектара. Але тыя, хто хоць раз у сваім жыцці сутыкнуўся з пажарам, ведае і разумее, што інспектарская служба не толькі неабходная, але і вельмі важная.
 – Пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць! – з такой прафесійнай пазіцыяй жыве намеснік начальніка па дзяржаўным пажарным наглядзе Валерый Купрэвіч.

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ён працуе з 1995 года. У пачатку сваёй службы быў пажарным інспектарам і адказваў на тэрыторыях Бягомльскага пасялковага і Крулеўшчынскага сельсаветаў за пажарную бяспеку. Ён адзін з тых, хто пачынаў сваю службу ў час фарміравання ваенізаванай пажарнай часці. З таго часу змянілася многае. Сучасныя ўмовы пачалі дыктаваць новыя патрабаванні да дзейнасці пажарнай службы. Паступова была створана новая сістэма, калі абавязкамі пажарных стала не толькі тушэнне пажараў, але і процістаянне надзвычайным сітуацыям, аварыям, катастрофам, а таксама аказанне ўсебаковай дапамогі людзям.

– У апошні час паяўляецца новая тэхніка, абсталяванне, будуюцца новыя сучасныя дамы. Мы таксама павінны ісці ў нагу з часам, – сцвярджае Валерый Аркадзьевіч. – Толькі работа пажарнага інспектара застаецца нязменнай, дзе галоўная задача – папярэдзіць бяду. Мы, у адпаведнасці з законам, прыходзім у дамы і на прадпрыемствы. І ўсё гэта робім для таго, каб людзі маглі спакойна працаваць на сваіх працоўных месцах, дзеці і дарослыя – спакойна наведваць школы і дзіцячыя сады, крамы і клубы.

У калектыве Валерый Купрэвіч карыстаецца аўтарытэтам. Пад яго кіраўніцтвам працуюць тры пажарныя інспектары.

– Купрэвіч – граматны і вопытны спецыяліст, – характарызуе свайго калегу начальнік раённага аддзела МНС Генадзь Галоўчыц. – Нават скрупулёзны да педантычнасці. Яму можна даручыць любую справу і быць ўпэўненым, што ўсё будзе выканана ў тэрмін і без нараканняў.

І не трэба думаць, што пажарныя інспектары – гэта людзі, якія працуюць толькі з паперамі, а паху сапраўднага дыму нават не адчувалі. Разам з пажарнымі яны выязджаюць на пажары, прымаюць удзел у ліквідацыі, а потым, калі агонь знішчаны, прыступаюць да сваіх непасрэдных абавязкаў – выяўленню прычын узгарання.

Аб пажарных інспектарах рэдка пішуць у газетах, часцей яны самі выступаюць на іх старонках. Але чыстае неба, не зацягнутае дымам ад пажарышчаў, – гэта і ёсць праца пажарных інспектараў. Вынік іх работы – пажары, якіх не было!

Таццяна ШУЛЬГАТ.

На здымку: намеснік начальніка па дзяржаўным пажарным наглядзе раённага аддзела МНС В.А.  Купрэвіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *