Там, где летом цветут петунии
Дванаццаць гадоў таму прыехала ў Вецяру Надзея. Выйшла замуж за Віктара Карніловіча. Разам стварылі вялікую сям’ю, бо кожны з іх меў па двое сваіх сыноў. Напачатку жылі разам з цёткай Гануляй, якая казала, што Надзея, як толькі пераехала сюды, адразу і прыжылася. Маладая жанчына не пярэчыла сказанаму, бо і сама палічыла Вецяру сваёй роднай вёскай. А таму прагна, прадумана ўзялася за добраўпарадкаванне сямейнага гнязда. Нават невялікі звонку дом прыцягвае ўвагу сваёй дагледжанасцю і парадкам. А бачылі б вы, што за плотам, у яго сценах! Добра, калі муж рукасты, сыны і ўжо нявесткі зацікаўлена ставяцца да ажыццяўлення матчыных задумак. Віктар працуе ў ААТ “Таргуны” газаэлектразваршчыкам і нават калі на заходзе сонца стомлены ледзь цягне ногі дамоў, гляне на жонку і ні то пытаецца, ні то прапаноўвае: “Ну што, парабляем?!”
Адчыняеш дзверы вясковай хаты і аж войкнеш ад нечаканасці і задавальнення. Каваная барная стойка з галінкамі вінаграду, драўляныя паліцы ў кухні і зале, каваны ўзорчаты двухспальны ложак. У другім памяшканні, які пад адным дахам з вараўняй, стаіць чырвоны камін, на якім па-вясковаму какетліва размясціліся і выдзяляюць спецыфічна-смачны водар мяшэчкі з сухімі грыбамі. Прыцягваюць погляд незвычайнае круглае мяккае крэсла, а таксама доўгі драўляны стол ля акна. На фігурных вуглавых паліцах ляжаць вышываныя сурвэткі, а на іх стаяць кошыкі з залацістай цыбуляй, беласнежным часнаком…
Без любві і жадання зрабіць сваё жыццё не толькі шчаслівым, але і прыгожым немагчыма. Да ўдасканалення імкнуцца ўсе члены дружнай сям’і. І няхай двое старэйшых сыноў жывуць у Мінску, а адна з нявестак у сёмым пакаленні мінчанка, займацца вясковай справай лічаць за гонар і задавальненне. Вось таму на двары ў Карніловічаў ні сухога лісточка, ні бытавога смецця. А гаспадыня кажа, што летам тут цвіло 96 пітуній. Посуд з кветкамі, якія не скупяцца на цвіценне, размешчаны на сценах дома і хлева, на цагляным коміне і жалезных рашотках, якія нагадваюць беластволыя бярозы. Пад хлевам роўненька вісяць пустыя кошыкі, пад паветкай у радах стаіць гумавы абутак. Быццам чакае людзей, якія збіраюцца ў выхадныя, водпуск, каб заняцца спрадвечна вясковай справай.
Старонку падрыхтавалі Нэлі Бяляўская і Аляксандр Варанковіч.