Бригадир с каменной биографией

Чалавецтва заўсёды будавала і будзе будаваць, а прафесія будаўніка заўсёды была і будзе запатрабаванай. Майстроў стваральнай працы цэняць і паважаюць, асабліва калі яны выхадцы з  будаўнічых сямейных дынастый. Такім з’яўляецца муляр, брыгадзір будаўнічай брыгады ПМК № 52, Ігар Берднікаў. Яго бацька, нават маці і цётка былі  будаўнікамі, а брат і зараз  працуе разам з ім у адной брыгадзе.

У дзяцінстве самым цікавым заняткам Ігара было  складанне з камянёў і цэглы разнастайных канструкцый і замкаў. Пры любой магчымасці ён прасіўся з бацькам на будоўлю. Там ахвотна дапамагаў: замешваў раствор, падаваў цэглу, пазней сам практыкаваўся ў кладцы. Падлеткам ён мог ужо якасна выканаць любую работу муляра і нядрэнна арыентаваўся ў праектах. Як і многія маладыя будаўнікі, мроіў пра  прэстыжныя даручэнні: вялікія аб’екты, шматпавярховыя дамы. Мары здзейсніліся спаўна. За восем гадоў працы ў ПМК № 52 разам са сваёй брыгадай ён працаваў на будоўлі кааператыўных шматпавярховых дамоў у Докшыцах і Крулеўшчыне, таксама  на МТФ “Атрубок”, торфабрыкетным заводзе і заводзе “Ветразь”, ва ўсіх аграгарадках. У мінулым годзе на прадпрыемстве быў прызнаны лепшым па прафесіі, яго здымак змешчаны на Дошцы гонару. Брыгадзірам яго хутчэй не назначылі, а абралі, бо ў тэхніцы кладцы сцен, хуткасці і якасці выканання работы ў брыгадзе з ім ніхто не рызыкне спаборнічаць. Маладыя за гонар лічаць павучыцца ў такога майстра. У мінулым годзе, калі ў раёне праходзіў конкурс сярод маладых муляраў, практычна ўсе ўдзельнікі былі з брыгады Берднікава і занялі першае і прызавыя месцы. 

Пяты год каардынуе работу брыгады  малады прараб Віктар Махонь. На прадпрыемстве ён таксама на лепшым рахунку, бо заўсёды ў тэрмін здае аб’екты, не дапускае халтуры і прамаруджвання. За такія добрыя адносіны кіраўніцтва Віктар Уладзіміравіч удзячны сваім работнікам і асабліва Ігару Барысавічу.

– У мяне вельмі добрая брыгада – арганізаваная, тэхналагічна накіраваная, дысцыплінаваная. Берднікаў – непараўнальны брыгадзір. Яго паважаюць і як прафесіянала, і як чалавека, таму баяцца падвесці, стараюцца выконваць усе яго даручэнні, прыслухоўваюцца да парад і не дазваляюць сабе парушаць дысцыпліну.

– Работа такіх прафесіяналаў, напэўна, вельмі запатрабаваная.  Зразумела, што былі прапановы паехаць на працу за мяжу. Вас не закрануў “міграцыйны бум”? – задаю правакацыйнае пытанне.

– Нават думкі такой не было! – адразу адказаў Ігар Барысавіч. – Ні ў аднаго  з нашай брыгады! Паміж намі  добрыя адносіны, давер, разуменне. Столькі год працуем разам, нават неўсвядомлена маем адказнасць адзін перад адным. Напэўна, ніхто не зможа пакінуць брыгаду, бо сам лічыць гэта здрадай. Зарплата ў нас нармальная, перыядычна павышаецца.

У Ігара Берднікава падрастае сын. У яго ёсць здольнасці да спеваў, а таму, напэўна, ён абярэ не будаўнічую прафесію. Бацька не дазваляе сабе  ўплываць на сынаў выбар, але быў бы рад, каб той пайшоў па яго кроках, тым больш, што бачыць у ім цікавасць і здольнасці да будоўлі. Сам не ўяўляе сябе ў іншай справе і не ведае іншай, дзе б можна было найлепш рэалізавацца і прынесці большую карысць.  Нягледзячы на вялікі вопыт і прызнанне, Ігар Берднікаў працягвае цікавіцца новымі тэхналогіямі кладкі, сочыць за выпускам найноўшых будматэрыялаў, вывучае іх уласцівасці і якасць, удасканальвае свае ўменні. Не перашкаджаюць яму ні летняя спякота, ні зімняя сцюжа, ні вышыня будаўнічых крокваў.  Кожны дзень цаглінка за цаглінкай ён будуе каменную храналогію сваёй прафесійнай дзейнасці.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: будаўнічая брыгада ПМК № 52 у час працы на МТФ “Вецяра” . (Злева направа) Аляксандр Стадольнік, Аляксандр Красоўскі, Віктар Махонь, Ігар Берднікаў і  Віталій Лобач.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *