Горпосёлку Бегомль — 430 лет
Бягомлю ў найноўшай гісторыі пашанцавала размясціцца на буйнейшай аўтамабільнай трасе краіны. У гэтым яго вядомасць і вялікая адказнасць, якая прымушае заўсёды і ва ўсім быць на вышыні. “Вароты Віцебшчыны” сёння ўражваюць сваім сучасным выглядам, прыгажосцю, камфортам і ўтульнасцю. За новае дыханне, якое атрымаў гарпасёлак у апошнія некалькі год, яго жыхары шчыра ўдзячны старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанку, губернатару вобласці А.М. Косінцу і старшыні райвыканкама А.Л. Пінчуку.
Зараз намаганні мясцовай улады разам са старшынёй Бягомльскага пасвыканкама Мікалаем Трахініным, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама ўсіх жыхароў гарпасёлка накіраваны на тое, каб умела падтрымліваць зробленае ў належным стане, развівацца далей і думаць пра будучыя перспектывы. Святкаванне 430-гадовага юбілею Бягомля – сведчанне таго, што бягомльцы любяць свой пасёлак, ганарацца яго гісторыяй і поўныя сіл ствараць яго сённяшні дзень.
Першы ўспамін Бягомля ў дакументальных крыніцах часоў Вялікага Княства Літоўскага сведчыць, што гэта было сяло на тэрыторыі маёнтка Ваўча, якое з’яўлялася ўласнасцю Віленскага каталіцкага біскупства. Пра паходжанне назвы населенага пункта існуе некалькі версій. Найбольш верагодная, на наш погляд, тая, дзе гаворыцца, што заснавальнікамі паселішча сталі беглыя людзі з Беларусі, Украіны і Расіі, якія хаваліся ў глухіх лясах ад сваіх прыгнятальнікаў. Гэтым хутчэй за ўсё і тлумачыцца тое, што звычкі, песні, абрады жыхароў Бягомля, якія ўражвалі збіральнікаў народнай творчасці, уяўляюць сабой сумесь, што атрымалася ад запазычвання аднаго народа ў другога. Пасля 1793 года ў складзе Расійскай імперыі Бягомль уваходзіў у Докшыцкі павет, затым — у Барысаўскі. У 1861 годзе стаў цэнтрам Бягомльскай воласці Барысаўскага павета. У канцы ХІХ стагоддзя ў Бягомлі ў 43 дварах пражывала 470 жыхароў. Савецкая ўлада сюды прыйшла ў лістападзе 1917 года. Праз год Бягомль трапіў пад акупацыю нямецкіх, а затым польскіх войскаў. Вызваленне Чырвонай Арміяй адбылося ў 1920 годзе. 17 ліпеня 1924 года на карце з’явіўся Бягомльскі раён, які праіснаваў да 1960 года. Першым старшынёй рэўкома быў Васіль Глазко, а старшынёй валвыканкома Аляксандр Таракан.
Жыхары Бягомля ўпісалі шмат каштоўных старонак у гісторыю, але самай славутай, без сумнення, з’яўляецца ваенная. Нездарма, сёння своеасаблівым брэндам пасёлка з’яўляецца самалёт, што сустракае і праводзіць гасцей, – правобраз таго, які прызямляўся на партызанскім аэрадроме ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бягомль быў акупіраваны ўжо праз два тыдні пасля пачатку вайны, але амаль з першых дзён акупацыі яго жыхары пачалі актыўнае супраціўленне ворагу. У гарпасёлку дзейнічала падполле, у тым ліку і камсамольскае. Ён мае прамое дачыненне да стварэння партызанскіх брыгад “Жалязняк”, “Дзядзькі Колі”, М.М. Нікіціна. Бягомль стаў адным з тых населеных пунктаў, куды вызваленне прыйшло намнога раней. Савецкая ўлада, дзякуючы партызанам, тут была адноўлена 20 снежня 1942 года. Потым немцы два разы вярталіся ў Бягомль, але ненадоўга. Дорага заплаціў пасёлак за сваю мужнасць і гераізм. Фашысты знішчылі ў Бягомлі 3,3 тысячы чалавек. Аб тым трагічным і гераічным часе сёння падрабязна расказваюць экспазіцыі Бягомльскага музея народнай славы, што быў адкрыты ў 1968 годзе, а таксама помнікі і абеліскі, якія любоўна даглядаюць удзячныя нашчадкі. Шмат прыйшлося папрацаваць пераможцам, каб вярнуць рэаліі даваеннага жыцця гарпасёлка і ўпэўнена крочыць у будучыню. Сёння Бягомль, у якім пражывае 2900 жыхароў, мае развітую інфраструктуру, якую прадстаўляюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, бальніца, вузел сувязі, КПП, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, праваслаўны і каталіцкі храмы, аўтавакзал, шэраг гандлёвых прадпрыемстваў. Працуюць лазня, некалькі кафэ, СТА, гасцініца. Працоўную славу пасёлку ствараюць Бягомльскі завод “Ветразь”, Бягомльскі лясгас, СГФ “Бягомльскі” і іншыя прадпрыемствы.
Бягомль падарыў Беларусі шмат знакамітых і таленавітых людзей. Сярод іх кавалер двух Георгіеўскіх крыжоў, атрыманых на германскім фронце, Віктар Свірко, удзельнік баёў з арміяй Дзянікіна, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга Мікалай Герасімёнак, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Шыла і Рыгор Дранковіч , кавалер ордэна “Знак Пашаны”, трактарыст Сцяпан Пусташыла, Герой Расіі, камандзір злучэння атамных падводных лодак Уладзімір Дронаў, беларускі вучоны Кім Скурат, вядомыя беларускія паэты Алесь Ставер і Юрась Свірка, самадзейны мастак Уладзімір Сакалоў, лаўрэат Усесаюзнага конкурсу мастацкай самадзейнасці, спявак Іван Пусташыла. Сённяшні стваральны час народзіць новыя імёны, якімі будзе ганарыцца старажытны, гераічны Бягомль.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.
Я рад за МОЙ БЕГОМЛЬ!!!