В Докшицах использовали возможность досрочного голосования
У суботу апошні дзень датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах, якое пачалося 18 верасня. У гэтыя дні выбарчыя ўчасткі адкрыты з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.
Многія выбаршчыкі скарысталі магчымасць датэрміновага галасавання і аддалі галасы за “свайго” кандыдата.
Жыхарка Докшыц Валянціна Ярмантовіч завітала на выбарчы ўчастак адразу пасля заканчэння рабочага дня, балазе, ён знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку прадпрыемства, дзе яна працуе бухгалтарам.
– Нядзелю 23 верасня планую скарыстаць для працы на гародзе, – растлумачыла жанчына прычыну свайго датэрміновага галасавання (на здымку), – але і свой грамадзянскі абавязак лічу патрэбным выканаць.
Па словах старшыні камісіі Камсамольскага выбарчага ўчастка № 2 у Докшыцах Надзеі Семяшчонак, у першыя тры дні датэрміновага галасавання на выбарчы ўчастак завітала каля 10 працэнтаў выбаршчыкаў, якіх на ўчастку зарэгістравана 1522 чалавекі. Найбольш людзей прыходзіла пасля заканчэння рабочага дня.
У нядзелю выбарчыя ўчасткі гасцінна расчыняць дзверы ў 8 гадзін раніцы, каб выбаршчыкі змаглі прагаласаваць за аднаго з трох кандыдатаў у дэпутаты парламента.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.