Апошні прытулак Генрыка Дмахоўскага

У студзенi 1863 года на тэрыторыi Польшчы, Беларусi i Лiтвы выбухнула паўстанне супраць царскага самадзяржаўя. Адным з яго кiраўнiкоў быў таленавiты скульптар Генрык Мiхайлавiч Дмахоўскi. Гэты чалавек пакiнуў свой след у многiх кутках свету: Польшчы, Лiтве, Украiне, Аўстрыi, Францыi, ЗША i, безумоўна, Беларусi, дзе ён з’явiўся на свет, змагаўся i загiнуў у барацьбе за свабоду i яе незалежнасць. Доўгi час дакладнае месца пахавання славутага земляка было невядома. 

Нарадзiўся Генрык Дмахоўскi 26 кастрычнiка 1810 года ў маёнтку Забалоцце, што на тэрыторыi сучаснага Мiёрскага раёна. Выхоўваўся без мацi, яна памерла даволi рана. Яго бацька Мiхал Дмахоўскi быў сакратаром адукацыйнай камiсii ў Вiльнi. Генрык вучыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце i адначасова займаўся ў скульптара Казiмiра Ельскага. Прымаў удзел у лiстападаўскiм паўстаннi 1831 года, пасля яго разгрому эмiгрыраваў у Францыю. Не змiрыўшыся з паражэннем у сакавiку 1833 года, у складзе паўстанцкiх сiл удзельнiчаў у партызанскай экспедыцыi на Беларусь. Але гэта спроба таксама аказалася няўдалай, i паўстанцы вымушаны былi адступiць на Палессе i Валынь, а потым i ўвогуле пакiнуць межы Расiйскай iмперыi.

Дмахоўскi пасялiўся ў Львове, які ў той час уваходзiў у склад Аўстра-Венгрыi, i змянiў сабе iмя на Эмерык Сандэрс. Яго здаў уладам родны дзядзька, які даў падрабязнае апісанне знешняга выгляду пляменніка. З такой iнфармацыяй аўстрыйцы хутка знайшлi Генрыка i арыштавалi.

У няволi ён не пакiдае мастацтва: нават з хлебнага мякiша стварае своеасаблiвыя скульптуры арыштантаў. Пасля сямi гадоў зняволення, у 1841 годзе едзе ў Парыж, дзе вучыцца ў знакамiтых французскiх скульптараў. 
У 1852 годзе Дмахоўскi перабiраецца за акiян у Фiладэльфiю. Там ён стаў вядомым скульптарам пад iмем Генры Сандэрс. Адкрыў скульптурную школу, рабіў партрэтныя медальёны, бюсты вядомых асоб, у тым ліку медальён, прысвечаны пакараным смерцю дзекабрыстам, бюст Лайаша Кошута, скульптура «Гарыбальдзi з воiнамi».  

У маi 1861 года Дмахоўскi нарэшце атрымлiвае дазвол царскiх улад і вяртаецца на Радзiму. У Вiльнi ён працягвае займацца скульптурай. Найбольш вядомымi работамi гэтага часу з’яўляюцца помнiк Уладзiславу Сыракомлю i мадэль помнiка Барбары Радзiвiл.  Але ён так і не пагадзiўся з царскiм прыгнётам i прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Стаў паўстанцкiм камiсарам у Дзiсненскiм павеце. У красавiку – пачатку мая з атрадам праходзiў па тэрыторыi сучаснага Докшыцкага раёна, дзе спадзяваўся папоўнiць свае рады. Напужаўшы да смерцi свяшчэннiка Вольберавiцкай царквы Юльяна Яленскага, атрад накiраваўся ў бок Лепеля. Ноччу з 25-га на 26 мая паўстанцы заначавалi ў маёнтку Бераспонне, а наступным днём 280 чалавек спынiліся на адпачынак на заходнiм беразе возера Медзазол каля маёнтка Парэчча. Магчыма, Дмахоўскi спадзяваўся схiлiць на свой бок уладальнiка Парэчча генерал-маёра ў адстаўцы Пятра Юзэфовiча, якi меў вопыт удзелу ў Каўказскай вайне. 26 мая 1863 года на паўстанцаў нечакана напала рота салдат, якую прывёў селянiн з вёскi Атрубак Арцемiй Мiхаль. Дмахоўскi, зрашэчаны кулямi, загiнуў адразу, а страцiўшы кiраўнiка, слабаўзброены атрад разбегся. Дзесяць паўстанцаў, сярод якiх ураджэнцы Дзiсненскага i Лепельскага паветаў, трапілі ў палон. Магчыма, рэшткi гэтага атрада бачылi мясцовыя сяляне ў ваколiцах вёсак Бераспонне, Тумiлавiчы i Чарнiца. Згодна з рапартам Крамянчугскага пяхотнага палка, менавiта ў гэтым раёне ў чэрвенi 1863 года праводзiла пошук паўстанцаў 18-я рота пад камандаваннем паручнiка Максiмовiча. У вынiку гэтага 60-кiламетровага рэйду быў захоплены ў палон адзiн паўстанец.  

Пасля доўгiх гадоў забыцця дакладнае месца пахавання Дмахоўскага ўдалося адшукаць, дзякуючы праўнучцы генерала Юзэфовiча Юстыне Пятроўне Васiлевiч, якая зараз жыве ў вёсцы Несцераўшчына. Яна паведамiла, што ў час яе вучобы ў Докшыцкай польскай школе вучнi з настаўнiкамi ў маі хадзілі да магiлы Генрыка Дмахоўскага i ўскладалi кветкi. Тое месца знаходзiцца на старажытным курганным могiльнiку ў бярозавым гаi на поўнач ад вёскi Бiрулi. На ім, магчыма, адразу пасля смерцi паўстанцаў быў усталяваны безыменны каменны крыж з ледзь бачнай выявай лучнiка. Ва ўсякiм разе, так ён выглядаў на адной з карцiн вядомага беларускага мастака ўраджэнца Докшыц Вiктара Маркаўца.

Пошукавым батальёнам Мiнiстэрства абароны былi праведзены раскопкi на месцы пахавання Генрыка Дмахоўскага. Археолагамi знойдзены астанкi трох чалавек, прадметы адзення сярэдзiны ХIХ стагоддзя, а таксама кулi ад расiйскiх ружжаў таго часу. Пасля правядзення неабходнай у такiх выпадках судова-медыцынскай экспертызы астанкi паўстанцаў вярнуліся на тое месца, дзе скончыўся iх зямны шлях. Але вядомы ў свеце беларус Генрык Дмахоўскi заслугоўвае таго, каб яго магіла была ўшанавана належным чынам і стала яшчэ адным прывабным для турыстаў месцам такога багатага на гістарычнае мінулае краю, як Бірулі.

Валерый ЕРМАКОВІЧ,  гісторык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *