Прафесія на ўсё жыццё

Дарогі – гэта не толькі транспартныя артэрыі, але і артэрыі жыцця. Ад таго, як працуюць дарожныя службы, у многім залежыць бяспека тысяч вадзіцеляў, пасажыраў і пешаходаў. Менавіта таму прафесія дарожніка не толькі адна з самых складаных, але і адказных. Часам мы крыўдзімся на іх, калі бачым недапрацоўкі, але ж і добрым словам успамінаем, калі бачым стужкі новага і гладкага асфальтавага пакрыцця.

У нашым раёне стан дарог залежыць ад працы філіяла ДРБУ № 180 КУП “Віцебскаблбуд”. Калектыў, у якім зараз працуе каля 90 чалавек, займаецца рамонтам і эксплуатацыяй 120 км рэспубліканскіх дарог і 642 км дарог мясцовага значэння.

– Эканамічныя складанасці, якія адбыліся ў пачатку бягучага года не толькі ў краіне, але і ў свеце, закранулі і дарожную службу. Рэзкае скарачэнне фінансавання не дазволіла праводзіць той аб’ём работ, які дарожнікі выконвалі раней. Хаця і без работы не засталіся, – расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Місачэнка. – За 9 месяцаў бягучага года выканана работ на суму 12,3 млрд. рублёў. Да ўзроўню мінулага года гэта складае 144,8 працэнта. Калі ў мінулыя гады праводзілася вялікая работа ў аграгарадках, на добраўпарадкаванні фермаў, то зараз мы больш займаемся планавымі дробнымі работамі. З найбольш значных такія: 1,5 км асфальтаванага пакрыцця абноўлена каля в. Літоўцы, на адрэзку 3,5 км зроблены цякучы рамонт кальцавой дарогі райцэнтра. Знаходзім і іншыя шляхі заробку. Каля 40 працэнтаў прыбытку атрымалі, дзякуючы “заказам” іншых прадпрыемстваў, такіх як РУП ЖКГ, лясгас, райгаз і іншых. Працавалі нашы дарожнікі і ў Глыбокім падчас падрыхтоўкі горада да Дня пісьменнасці. Усё гэта дазволіла павялічыць і заработную плату. На сённяшні дзень сярэднегадавая зарплата складае 2, 775 тыс. рублёў, а ў верасні нашы работнікі атрымалі ў сярэднім па 3, 803 тыс. рублёў. 

Лічбы — лічбамі, але за кожнай з іх стаяць людзі. Хаця апошні год для прадпрыемства быў стратным: звольнілася каля дзесяці нядрэнных спецыялістаў (іх закранула “расійская міграцыя”), усё ж такі асноўны “касцяк” застаўся. Сярод іх ёсць і такія, хто ў сваёй працоўнай кніжцы мае толькі адзін запіс. Гэта інжынер планава-выканаўчага сектара Таццяна Міхайлаўна Каляга і інжынер па арганізацыі працы Валянціна Мікалаеўна Курнушка (на здымку злева направа).

У красавіку наступнага года споўніцца 35 год, як маладымі дзяўчатамі пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума яны прыехалі ў Докшыцы.

– Пасля заканчэння вучобы, калі прыйшоў час размеркавання, мы – тры сяброўкі – спецыяльна выбіралі тую дарожную арганізацыю, дзе б патрабаваліся тры спецыялісты і быў у наяўнасці інтэрнат. Так трапілі ў Докшыцы, – успамінаюць сёння Таццяна Міхайлаўна і Валянціна Мікалаеўна. – Пасля трох год адпрацоўкі адна з нас вярнулася на радзіму, а мы ўдзвюх засталіся. Чаму? На той момант усё нас задавальняла. Замуж тут выйшлі. Дзеці нарадзіліся.

Удзвюх пачыналі майстарамі дарог, так што дарожную справу ведаюць з самых азоў.

Мінулыя цяжкасці працы, калі на свае ўчасткі дабіраліся на аўтобусах, бо такой колькасці транспарту, як сёння, тады не было, жанчыны ўспамінаюць з усмешкай. Маладыя былі, не баяліся ніякіх цяжкасцей. Але, стаўшы і “кабінетнымі” работнікамі, яны заўсёды ў курсе ўсіх спраў прадпрыемства. Адказныя, добрасумленныя і дасканальныя – так характарызуе іх кіраўніцтва.

– Кажуць, што жаночай дружбы не бывае. А вы, акрамя таго, што сябруеце столькі год, яшчэ і на рабоце штодня сустракаецеся. Няўжо ніколі паміж вамі не прабягала “чорная кошка?” – пытаемся мы.

– А нам дзяліць няма чаго: у кожнай свая сям’я, клопаты. Мы ўжо, як сёстры,  – практычна ў адзін голас адказваюць жанчыны, якіх на ўсё жыццё аб’яднала не толькі сяброўства, але і прафесія. 

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *