Семья Дударёнок из Замасточья Докшицкого района дом и счастье в нём строят вместе
Багата ў нашым раёне працавітых, старанных людзей, якія не баяцца цяжкай работы і нават пражыць дня без яе не могуць. У іх ліку і сям’я Дударонкаў з вёскі Замасточча. Уладзімір працуе вадзіцелем у СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”, а Ірына – паштальёнам у мясцовым аддзяленні сувязі. На працягу 23-х гадоў яны жывуць дружна і па-гаспадарску адносяцца да любой справы.
Ірына Іванаўна родам з Лагойскага раёна, але сустрэць сваю другую палавінку ёй давялося на радзіме бацькі – у Замасточчы. А значыць, і жыць тут засталася.
– Мне тады было толькі 15 год, а Уладзімір ужо з арміі прыйшоў. Па яго словах, я яму першаму спадабалася. А адбылося гэта ў мясцовай краме, куды я прыйшла босая (летам я заўсёды так хадзіла). Вось тады ён і звярнуў на мяне ўвагу. Пачалі сябраваць, а пасля заканчэння школы амаль адразу замуж выйшла, – успамінае Ірына.
Дом, у якім зараз жывуць Дударонкі, застаўся ім ад бабулі. Але пасля пажару, які знішчыў усё дашчэнту, пакінуўшы пасля сябе толькі голыя сцены, прыйшлося маладой сям’і адбудоўваць жыллё нанова. Цяжка было: іншы раз нават да трох гадзін ночы працавалі, займаючыся рамонтам. Затое зараз пажынаюць плады сваіх старанняў – у доме прыгожа і ўтульна. А, дзякуючы майстэрскім рукам Уладзіміра, у адноўленым будынку з’явіўся другі паверх – там плануюць абсталяваць два пакоі. Калі б не рукасты гаспадар, то невядома, як бы выходзілі з бяды, нанесенай бязлітасным агнём.
Зараз Уладзімір ставіць новую агароджу ля дома, пачынае будаўніцтва новага гаража. А ў планах яшчэ шмат чаго: зрабіць дэкаратыўныя басейн і млын, змайстраваць паліцы для кветак. Песенныя радкі “К топорам привычны руки…” – гэта пра яго, бо рукі Дударонка па рабоце сумуюць заўсёды. Яны без яе проста не могуць.
На выхадныя да бацькоў прыязджаюць дзеці – Сяргей і Віка, яны стараюцца дапамагчы зрабіць тую ці іншую работу па гаспадарцы, а пра тату з маці гавораць наступнае:
– Мама наша, апантаная кветкамі, яна без іх жыць не можа. А бацька, нават, калі хварэе, без работы не сядзіць.
І сапраўды, дома Ірына стварыла кветкавы аазіс, а Уладзімір, вярнуўшыся з работы, адразу бярэцца за малаток, спяшаецца завяршыць свае будаўнічыя справы, прычым, робіць гэта бездакорна.
– Калі ёсць свабодны час, чым любіце займацца, як адпачываеце? – пытаюся.
– Адпачываем на святы са сваімі роднымі, а іх у нас вельмі многа. Я з сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей, а муж нарадзіўся, дзе іх было дзесяць. А ўвогуле, больш прыходзіцца працаваць, чым адпачываць, наперадзе яшчэ шмат задумак, хочацца хутчэй іх ажыццявіць, – гаворыць Ірына. – Шчасце сваё знаходзім у дзецях, галоўнае – каб яны ніколі не хварэлі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
На здымку: Ірына са сваімі дзецьмі.
Фота: В. Чарвінскага.