Успешная деятельность фермера из Польши в Докшицком районе

«Аграгарадок» Крукоўка

Такога няма на карце раёна, але яго марыць пабудаваць  10-гадовая Юля Касцюк – старэйшая дачка заснавальніка фермерскай гаспадаркі “Лайкпол-Агра” Юзэфа Касцюка. Калі дзяўчынцы перадаўся цвёрды і ўпарты характар бацькі, то ў яе ўсё несумненна атрымаецца.

За 16 год працы на беларускай зямлі, польскі фермер не толькі не спыніў сваёй дзейнасці, але і здолеў зрабіць сваю фермерскую гаспадарку адной з вядучых сярод 9 зарэгістраваных у раёне.

Польшча – Беларусь

Шчасце, калі чалавеку ўдаецца правільна выбраць справу і з цікавасцю займацца ёю ўсё жыццё. Юзэфа Касцюка можна смела аднесці менавіта да такіх шчасліўцаў.

Каля 200 год Касцюкі жывуць у Польшчы і працуюць на сваёй зямлі. Юзэф, які вучыцца сялянскай справе пачаў з 6-ці год, сямейнай справе не здрадзіў, толькі паспрабаваў вярнуцца на радзіму далёкіх продкаў. Было гэта ў 1996-м годзе. На той час ён ужо меў дыплом Варшаўскай сельгасакадэміі і жонку-украінку. З Аксанай пазнаёміўся ў Польшчы, дзе яна знаходзілася па студэнцкаму абмену, а пастаянна жыла  ў Мінску. Таму спачатку і зямлю для заснавання прадпрыемства пачалі шукаць менавіта ў цэнтральнай Беларусі. Але там, як зараз шчыра прызнаюцца, не знайшлі ўзаемаразумення з мясцовай уладай. Адшукалі яго ў Докшыцкім раёне, і хаця Віцебшчына малапрывабная для вырошчвання ягадных і садовых культур (па адукацыі Касцюк інжынер-ягаднік), спыніліся там, дзе іх прынялі. Спачатку жылі ў Мінску і ў вёсцы былі наездамі, але вытворчасць пашыралася, кароткатэрміновую арэнду на зямлю змяніла арэнда на 25 год, нарадзіліся дзеці і Касцюкам захацелася стабільнасці. Яе адшукалі ва ўласным доме на арэндаванай зямлі Крукоўкі.

Сігментны бізнес

Праца на зямлі – бізнес вельмі цяжкі і рызыкоўны. Ён патрабуе пастаянных фінансавых укладанняў, якія нават пасля самых дасканалых і прадбачлівых падлікаў не заўсёды апраўдваюцца. Той, хто рашыўся ў ім працаваць, на думку Юзэфа, павінен быць аграрнікам па прызванні і адукацыі. Мастаку ці будаўніку давераць зямлю нельга, як бы ён таго не хацеў. Працавітасць і ўпартасць, уменне не панікаваць, а вучыцца на памылках, крышачку ўдачы, ласкі Божай і можна пачынаць працаваць на зямлі, лічыць ён.

Сёння за таварыствам, галоўным кірункам дзейнасці якога з’яўляецца садаводства і развядзенне ягадных культур,  значыцца 175 гектараў зямель. На гэтай плошчы 3,3  гектара займае нядаўна закладзены яблыневы сад. Побач з ім гадавальнік, у якім падрастаюць яшчэ 7 тысяч саджанцаў, на якія падвіты шэсць сартоў яблынь. Усе, дарэчы, беларускія. На нашых землях добра адаптаваўся польскі сорт клубніц “дукат”. Гэта культура самая прыбытковая для гаспадаркі. Сёлета, праўда, яе сабралі толькі 12 тон, бо два гектары з чатырох  перасаджваліся ўнова. Яны, канечне, ураджаю яшчэ не далі. Але ў перспектыве пад клубніцамі будзе занята не менш, чым 10 гектараў. Грунтоўныя планы  Юзэф Казіміравіч мае на чорныя парэчкі, пад элітныя сарты якіх адведзена 20 гектараў. На зайздрасць сёлета вырасла  морква. Ёсць прыбытак і ад вырошчвання таматаў, перцаў, таму ўжо на наступны год агульная плошча цяпліц будзе даходзіць да 6 тысяч квадратных метраў. Гародніна пастаўляецца ў гандлёвую сетку Віцебшчыны, на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Яе з ахвотай купляе насельніцтва. Дарэчы, уся прадукцыя экалагічна чыстая. Вырошчваецца на арганіцы, летась пад агародніну ўнеслі каля ста тон кампостаў. Мінеральныя ўдабрэнні каштуюць дорага, таму фермер, які звыклы лічыць кожную капейку, на іх стаўку не робіць. Толькі ў выпадку крайняй неабходнасці набываюцца і  фунгіцыды. Напрыклад, пустазелле з парэчкавай плантацыі (20 гектараў) убіралі ўручную.

А яшчэ ў “Лайкполе” развіваюць жывёлагадоўлю. Аграрны бізнес павінен быць сігментным, замыкацца на адной галіне не прадбачліва. Палі патрабуюць севазвароту, а куды дзяваць вырашчаныя  збожжа, гарох, бульбу? Правільна, свінкам. Яны ў пана Юзэфа на зайздрасць сытыя і спакойныя, таму не дзіва, што іх мяса адпавядае густу самага пераборлівага гурмана. Трымаюцца на волі, паміж паяданнем запаранага збожжа і гароху купаюцца ў сажалцы. Сырая бульба сыплецца прама на зямлю ў загарадку. Сярод прысмакаў сываратка. Хто лепей корміць свінняў дома? Вось таму ад жадаючых набыць свініну па 40 тысяч рублёў за кілаграм адбою няма. Можна і жывой вагой, а яшчэ парасяткамі: сыценькімі, вясёлымі, якія менш, чым 30 кілаграмаў не важаць. Побач са свіннямі камфортна адчуваюць сябе авечкі, козы і ўсялякая дробная птушка.

Для мяснога рынка раёна жывёлагадоўчая гаспадарка “Лайкпола” – цудоўная знаходка. Летась яна рэалізавала больш за 10 тон мяса і пад сотню галоў маладняку.

Не мог абысці ўвагай фермер аграэкатурызм. Першыя крокі зроблены, можна было б і больш, ды часу не хапае на ўсё. Але за агароджай прама ля трасы ўжо бегаюць шарападобныя авечкі і грацыёзныя козачкі. Гаспадарчай рукі чакае акуратная сялянская хатка. У ёй плануецца зрабіць усе вясковыя дзівосы, на якія вельмі ахвочыя гараджане. Сад, ягадныя плантацыі і ферма – гэта дзіўная экскурсія на кожны дзень. А магчыма, знойдуцца і тыя, хто захоча дапамагчы ў зборы клубніц, парэчак, доглядзе жывёлы. Для такіх працуючых агратурыстаў у памяшканні старой Барсукоўскай школы будзе будавацца гасцініца з кафэ, танцполам.

Для забеспячэння будоўлі сталяркай, эканомны і прадбачлівы Юзэф Казіміравіч адкрыў свой дрэваапрацоўчы цэх, у якім ужо пілуюць дошкі. Яны патрэбны будуць не толькі для аб’ектаў аграэкатурызму, але і для будаўніцтва зімовага памяшкання для жывёлы.

Падобная дзейнасць, як і любая іншая, патрабуе капукладанняў. Касцюкі працуюць з інвестыцыямі, якія ім прыязна прадстаўляе “Белаграпрамбанк”, але стараюцца не закрыдытоўвацца. Нельга ўвесь час браць, можна трапіць у крэдытную пастку.

 

Людзі

Свае адносіны з імі Юзэф Казіміравіч будуе на сумленні. Гэтую рысу яго характару падкрэсліваюць усе, з кім даводзілася размаўляць пра работу ў фермера. Ён вельмі крыўдзіцца, калі людзі крывадушнічаюць ці, не дай Бог, крадуць. Напачатку дзейнасці, калі асноўнай культурай, якая вырошчвалася, была маліна, “Лайкпол” у час яе ўборкі даваў магчымасць зарабіць сотням людзей. Некаторыя для гэтага нават бралі водпуск на асноўнай рабоце. А крыху пазней амаль усю высаджаную элітную расаду клубніц пакралі. Крыўдна. Але ён стараецца не памятаць пра адмоўнае, гаварыць пра няўдачы і праблемы. Гэтым нічога не зменіш. Негатыў таксама патрэбны. Ён – лепшая школа, трамплін для далейшага развіцця.

Летась у гаспадарцы працавала каля сотні сезонных рабочых. Зарплата ім выплачвалася кожны тыдзень. Сёлета неабходнасці ў такой колькасці людзей не было і, наогул, у планах перайсці на механізацыю ўборачнага працэсу. Першы крок і,  даволі ўдачны,  ужо зроблены. Набыты камбайн, вытворчая магутнасць якога дазваляе ўпраўляцца з 2 гектарамі парэчак за дзень.

Тых памочнікаў, хто сумленна працуе разам з ім, як напрыклад, камерцыйны дырэктар Андрэй Гурыновіч, Юзэф Казіміравіч вельмі цэніць. Поўнае ўзаемаразуменне з Генадзіем Баброўскім, які з’яўляецца намеснікам па ўсіх гаспадарчых справах. Поспехамі ў жывёлагадоўлі Касцюкі абавязаны кандыдату ветэрынарных  навук Аляксандру Камінскаму.

З мясцовымі жыхарамі падружыліся даўно. Дапамагаюць многім. Кожны пакупнік для іх жаданы, таму набытую гародніну, мяса, жывёлу дастаўляюць сваім транспартам у любую, нават самую аддалёную вёску раёна.  

Улада

Калі адкрываў прадпрыемства на Беларусі, думаў, што галоўнае для яго – спраўна плаціць падаткі. Але прыйшоў час і зразумеў, што прыкіпеў да гэтай зямлі і хоча, каб яго лічылі тут сваім.  Дзеля гэтай мэты і фермерскую гаспадарку адкрыў. Ён – дзяржаве, а яна – яму. Не так даўно атрымаў па лізінгу трактар. Спадзяецца, што яго закране Дзяржаўная праграма развіцця садаводства.

Мясцовай уладзе ён стараецца не ствараць праблем і ўсё яшчэ ніяк не можа прывыкнуць, што ў час сустрэч першымі словамі да яго старшыні райвыканкама Алега Пінчука заўсёды  з’яўляюцца: “Чым вам дапамагчы?” Здзіўляецца, што ў час вырашэння дзяржаўных пытанняў, Алег Леанідавіч памятае пра фермера-паляка. Прасіць саромецца, лічыць, што свае праблемы кожны павінен вырашаць сам.

Са сваімі пытаннямі Юзэф і Аксана Касцюкі  спраўляюцца нядрэнна. “Лайкпол” не адзін раз быў удзельнікам рэспубліканскай выставы “Белагра”, а гэта ўжо гаворыць пра аўтарытэт і прызнанне.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *