Куда девать ненужную одежду? или Польза от бесполезного

Нехта з вялікіх некалі пажартаваў пра існаванне выключна жаночай хваробы “адзёжнай слепаты”. Сапраўды, нярэдка адчыняеш шафу, акідваеш позіркам шчыльны рад грузных вешалак і разумееш: “зноў апрануць няма чаго”.  Адно выйшла з моды, у іншае не ўлазіш, трэцяе проста надакучыла, але выкідваць шкада. Што і казаць пра дзіцячае адзенне і абутак: малышы вырастаюць з яго імгненна і добра, калі паспяваюць апрануць рэч хоць пару разоў.  Так і поўняцца шафы дабротным, але непатрэбным адзеннем. А між іншым, знаўцы фэншую папярэджваюць, што рэчы, якія не выкарыстоўваюцца, нясуць негатыўную энергетыку і праграмуюць на беднасць. Таму вырашана: ад непатрэбнага адзення трэба пазбаўляцца! Толькі як? Хочацца зрабіць гэта з карысцю для сябе і іншых. Карэспандэнт раённай газеты прааналізаваў магчымасці раёна на прадмет выгаднага збыту рэчаў, якія не выкарыстоўваюцца, і вылучыў некалькі спосабаў.

1 спосаб – камісіёнка

У раёне дзейнічае адзін пункт прыёму былых у выкарыстанні рэчаў – камісійны аддзел у магазіне “Камфорт” у Докшыцах. У гэтым будынку ён працуе ўжо год. Сюды можна здаць адзенне, абутак, бытавую тэхніку, аўтазапчасткі і мэблю. Здатчыку пры сабе трэба мець пашпарт. Ацэньванне праводзіць прадавец, улічваючы запатрабаванні здатчыка. Умовы такія: калі здатчык перадумае і захоча вярнуць рэч назад, то  – без праблем, толькі прыйдзецца заплаціць магазіну 1 % ад кошту за захоўванне. Калі рэч не купілі на працягу 20 дзён, яна ўцэньваецца на 20 %, і так кожныя 20 дзён.  Выгада магазіна – 20 % ад кошту прададзенай рэчы.

Прадавец магазіна Марына Азямблоўская сказала, што камісійны аддзел карыстаецца невялікім попытам у кліентаў, аднак, бывалі і хуткія продажы. Здатчыкі таксама не вельмі актыўныя, з пачатку года іх было не больш за 20.

2 спосаб – рэклама

Амаль кожнаму зараз даступны Інтэрнэт. Існуюць спецыяльныя сайты, дзе прапаноўваюць рэчы б/в.  Там можна  зарэгістравацца, устроіць развітальную фотасесію для непатрэбных рэчаў, самастойна ацаніць іх і размясціць на сайце. Застаецца толькі чакаць запыту і адказваць на пытанні.  Удачна спрацоўваюць аб’явы ў газетах. Напрыклад, у нашай раёнцы кожны месяц выходзіць каля 5 такіх аб’яў.

3 спосаб – падарыць

Гэты спосаб хоць і не прынясе матэрыяльнай аддачы, затое дасць  маральнае задавальненне і самапавагу. Падарыць рэчы можна родным, знаёмым, сябрам. Аднак, хочацца не толькі падарыць, але і дапамагчы. Тут трэба ведаць акалічнасці: дзіцячыя прытулкі, Тэрытарыяльны цэнтр не мае права прымаць ад насельніцтва адзенне і нават цацкі па той прычыне, што яны не прайшлі  санітарную апрацоўку. Затое ў ТЦСАН раёна дзейнічае акцыя “З рук у рукі”. Гэта значыць, што можна аддаць рэчы непасрэдна людзям, якія адчуваюць у іх патрэбу. Інфармацыю пра такіх людзей у цэнтры прадставяць з задавальненнем. Можна проста патэлефанаваць па нумарах 2-15-19 ці 2-27-01 і даведацца, хто будзе рад вашаму падарунку. Гэта могуць быць маламаёмныя і шматдзетныя сем’і,  дзеці з такіх і апякунскіх сем’яў , пагарэльцы, інваліды. Да іх трэба будзе прыехаць дадому і асабіста перадаць рэчы. Падобную інфармацыю паведаміць і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Часлава Іосіфаўна Цяжкая па нумары 590-47-26 (МТС).

Для пазбаўлення ад непатрэбных рэчаў ёсць шмат аргументаў. Для любой модніцы самы галоўны з іх – тое, што шафу, якая “пахудзела”, можна зноў запаўняць абноўкамі.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *