«Золотой фонд» хлебо- и молокозавода в Докшицах

Кожную раніцу на тэрыторыі хлебазавода тоўпяцца аўтамабілі. Яны загружаюцца хлебам, батонамі, булкамі, кандытарскімі вырабамі, якіх у асартыменце прадпрыемства каля 70 назваў. Каб усё гэта смачным, свежым і нават гарачым ужо да абеду было на нашых сталах, усю ноч працуюць хлебапёкі.

Цяжка выстаяць 8-гадзінную змену на нагах. Многія з навічкоў, якія прыходзяць на прадпрыемства, папрацаваўшы пару дзён, звальняюцца, маўляў, гэта праца не па іх. А вось Валянціна Краўчонак і Аліна Шалемава (злева направа, здымак 1) наадварот сцвярджаюць, што жыццё сваё без прадпрыемства не ўяўляюць.

– Завод – гэта наш другі дом, а калектыў – другая сям’я, – гаворыць Аліна Рамуальдаўна. – Сюды нясём свае радасць і гора, тут знаходзім разуменне і падтрымку.

Яна хлебапёк з 20-гадовым стажам, у Валянціны Чаславаўны ён яшчэ на 10 год большы. Зараз ад працы гэтых жанчын залежыць якасць будучай прадукцыі, бо яны, вобразна кажучы, закладваюць яе падмурак і ўзводзяць сцены. Аліна – адметны заквасчык. Гэта яе шматгадовы вопыт і адукацыя тэхніка-тэхнолага хлебапякарнай прамысловасці надаюць той непаўторны смак докшыцкаму хлебу, дзякуючы якому, ён вядомы далёка за межамі раёна. За Алінай “у бой” ідзе Валянціна, якая замешвае цеста і кантралюе яго гатоўнасць да выпечкі. У гэтым працэсе ёй не дапамагае камп’ютар. Высокакласны спецыяліст адчувае цеста душой і практычна ніколі не памыляецца.

Старшы майстар вытворчага ўчастка Крысціна Хацяновіч называе жанчын “залатым фондам” прадпрыемства і адзначае не толькі іх прафесіяналізм, але і вялікую адказнасць, самаадданасць у працы. Гэта тыя людзі, якія могуць замяніць любога спецыяліста ў цэху, выйсці на змену ў свой выхадны дзень, калі хтосьці захварэе. Таму і карыстаюцца заслужанай павагай і вялікай любоўю ў кіраўніцтва і таварышаў па працы.
           

***

Валянціна Шуткіна прыехала ў Докшыцы на радзіму мужа 20 год таму з Маладзечна, дзе працавала на заводзе. Спачатку ўладкавалася ў дзіцячы садок кухарам, а потым перайшла на малаказавод. Тады, а было гэта 11 год таму, яе прывабіла высокая зарплата. Сёння Валянціна Антонаўна ёй таксама задаволена (у верасні ёй было налічана 3947 тысяч рублёў, у кастрычніку – 4393 тысяч рублёў), чаго не скажаш пра пачатак года. Але і тады жанчына наўцёкі ў пошуках лепшай работы не кінулася. Верыла, што абавязкова настануць лепшыя часы, а цяжкасці – часовыя. Зараз Валянціна Шуткіна, а яшчэ Ларыса Зейналава з’яўляюцца самымі вопытнымі работнікамі прадпрыемства.

Як апаратчык, Валянціна Антонаўна прымае сырое малако, затым яго нармалізуе, г.зн. даводзіць да вызначаных параметраў тлустасць, потым пастэрызуе (здымак 2). А яшчэ на самым пачатку змены абавязкова чысціць, мые, дэзінфіцыруе ўсё абсталяванне. Чысціня і парадак у яе ідэальныя.

Каб сыр “Чэчыл”, а на сёння гэта адзіная прадукцыя, якую выпускае прадпрыемства, атрымаўся высокай якасці, апаратчыку трэба быць вельмі акуратнаму і вопытнаму. Не дай бог, па яго нядбайнасці тэхналагічны працэс будзе парушаны. Такое проста немагчыма ўявіць. Сыр “Чэчыл”, якога за 10 месяцаў прадпрыемства рэалізавала каля 60 тон, прадукт далікатэсны, дарагі. Ён не можа быць нясмачным. У Валянціне Антонаўне кіраўніцтва абсалютна ўпэўнена, а таму яна не раз адзначалася, як лепшы работнік прадпрыемства. Яе фотаздымак упрыгожвае Дошку гонару завода, будзе адзначана яна і сёлета ў гонар прафесійнага свята работнікаў перапрацоўчай прамысловасці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.     

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *