Без новогодних подарков в Докшицах не остался никто
Напярэдадні Новага года ва ўсіх Дамах культуры, школах, дзіцячых садках і ў некаторых арганізацыях прайшлі навагоднія ранішнікі для дзяцей. Толькі ў к/з “Іскра” іх адбылося 10. Падчас аднаго з іх, які меў дабрачынны характар, Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя героі сустрэліся з дзеткамі з абмежаванымі магчымасцямі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак выступілі навучэнцы Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў, якія паказалі мюзікл “Час рабіць цуд”. Потым навагоднія героі запрасілі дзяцей да ёлкі, дзе яны вадзілі карагоды, чыталі вершы і спявалі. Са святам дзяцей і іх бацькоў павіншавала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Алена Тулоўская. Усяго ў ранішніку прынялі ўдзел 40 дзетак. Яны атрымалі падарункі, якія былі набыты на дабрачынныя сродкі спонсараў. Яшчэ 24 падарункі Дзед Мароз і Снягурка адвезлі дадому дзеткам, якія не маглі па розных прычынах прыйсці на ранішнік.
Прадстаўленне “Навагодняя казка” адбылося і ў аддзяленні дзённага прабывання інвалідаў. Наведвальнікі сабраліся разам з бацькамі і валанцёрамі, каб павіншаваць адзін аднаго з Новым годам і Калядамі, дарылі падарункі, спявалі, бавілі час у конкурсах.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райкама “БРСМ”, аддзела культуры райвыканкама разам з Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі дзіцячае аддзяленне ЦРБ. На той час на лячэнні там знаходзілася шасцёра дзетак, усе яны атрымалі віншаванні і падарункі.
Навагоднія падарункі выхаванцам дамоў сямейнага тыпу 31 снежня ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч разам з прадстаўнікамі аддзела адукацыі, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Дзедам Марозам і Снягуркай (на здымку).
Таццяна ШУЛЬГАТ.