В Докшицах каток теряет популярность

З кожным годам у раёне  жадаючых карыстацца паслугамі пракату канькоў і лыж становіцца ўсё менш. Каткі, залітыя  каля дзвюх гарадскіх школ і стадыёна, практычна пустуюць, нават у выхадныя дні. У пункты пракату зімовага спартыўнага інвентару, што працуюць у аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, ФСК “Ураджай”, Докшыцкай спартыўнай школы і ў  будынку гарадской лазні,  амаль ніхто не прыходзіць. Прычыны зніжэння цікавасці да зімніх спартыўных  забаў карэспандэнт газеты выяўляў  разам з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Кашчэевым.

– Сяргей Анатольевіч, па-вашаму, чаму людзі не прыходзяць на каток?

– Думаю, асноўная прычына ў пастаяннай занятасці дарослых людзей і школьнай загружанасці вучняў. Вольнага часу для зімовых забаў і ў тых,  і другіх застаецца нямнога. Нельга сказаць, што людзі ўвогуле не катаюцца на каньках і лыжах. Выхаднымі днямі ва ўрочышчы “Чыстаполле”  ў добрае надвор’е  людна. Дзеці спускаюцца з горкі, моладзь і дарослыя ўстройваюць лыжныя гонкі. Нярэдка прыходзяць сем’ямі. У многіх ёсць свае лыжы, таму яны не звяртаюцца ў пункты пракату. Аматараў канькоў у горадзе значна менш. Адзінкі з іх прыходзяць на каткі таксама са сваімі канькамі.  Уплываюць і ўмовы надвор’я. У гэтым годзе зіма, можна сказаць, кідаецца ў крайнасці: то адліга, то моцны мароз – не кожны рашаецца праводзіць час на вуліцы.

– У мінулым годзе ад насельніцтва  паступалі заўвагі, што ў пунктах пракату ёсць праблема з памерамі канькоў. Ці змянілася сітуацыя ў гэтым сезоне?

– Не. Сітуацыя не змянілася. Новыя канькі мы не набывалі, на гэта не хапае фінансавых сродкаў. Аднак сёлета нават тыя канькі, якія ёсць, незапатрабаваныя.  З лыжамі крыху іншая сітуацыя,  іх у пунктах пракату дастаткова, аднак і яны не вельмі карыстаюцца попытам.

– Скажыце, калі ласка, якасць ледзянога покрыва на катках добрая? Ці дастатковае іх асвятленне?

– Каткі чысцяць  па меры неабходнасці. Якасць лёду здавальняючая. Вось асвятленне жадае быць лепшым. Асветлены толькі каток на гарадскім стадыёне. На школьных катках вечарам цёмна. У гэтым кірунку вядзецца работа.

– Як вы думаеце, ці магчыма ўзнавіць цікавасць да зімовых спартыўных заняткаў. Якім чынам?

– Па-першае, прыклад дзецям павінны паказваць бацькі. Па-другое, трэба часцей адмаўляцца ад камп’ютара, а вольны час прысвяціць рухомым гульням на свежым паветры. Не трэба ігнараваць школьныя спартыўныя секцыі і заняткі фізічнай культурай, актыўней удзельнічаць у спаборніцтвах. У апошні час нават многія працоўныя калектывы сталі цяжкімі на пад’ём да ўдзелу ў эстафетах і  спартакіядах. Думаю, у гэтым ёсць меркантыльныя прычыны.   Трэба зразумець, што ў спорце ёсць самая важная і каштоўная ўзнагарода – гэта здароўе.

З апытання насельніцтва выявілася, што некаторыя нават не ведаюць,  дзе ў горадзе залітыя каткі. Да  прычын неахвоты ісці на каткі дабавілі яшчэ некалькі.  Гэта іх аддаленасць ад пунктаў пракату і, так званая, непрэзентабельнасць. “Канечне, каб там гучала музыка, было добрае асвятленне, стаялі лавачкі, вёўся  продаж хаця б гарачай гарбаты, то жадаючых пакарыць лёд было б значна больш,” – такое меркаванне выказалі многія аматары актыўнага зімовага баўлення часу. Для таго, каб гэта арганізаваць,  патрабуюцца не толькі фінансавыя затраты, але яшчэ зацікаўленасць і намаганні многіх службаў і прадпрыемстваў раёна.

Гутарыла Таццяна  СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: каток ля Докшыцкай школы № 1  практычна заўсёды пустуе.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *