Как в Крипулях Докшицкого района подпольно торгуют спиртным

Ванду Федзюкевіч у Крыпулях ведаюць усе. Нездарма адстаяла яна за прылаўкам у мясцовай краме шмат гадоў.  Прафесію сваю любіла, ды так, што не можа развітацца з ёй яшчэ і зараз, хаця даўно ўжо на пенсіі. Толькі памыляецца той, хто думае, што кабета ў паважаным  узросце дапамагае павялічваць тавараабарот спажывецкай кааперацыі.

За тавараабарот яна хвалюецца, толькі за свой уласны. Пра гэта мала хто ведае з аднавяскоўцаў, як і пра тое, што адкрыла Федзюкевіч падпольны “шынок” прама ў сваёй хаце. Не, вітрыны там няма, прылаўка таксама, як і столікаў з крэсламі. Наведвальнікі піва, чай ці каву ў шынку не п’юць, такія напоі не значацца ў асартыменце. Усё адбываецца значна прасцей.

Захацелася, напрыклад,  мясцовым мужычкам выпіць, а час ужо позні, крама райста зачыненая. Некалі яны звычайна наступалі на горла свайму жаданню і ішлі дадому. Але стала зусім па-іншаму, калі за справу ўзяўся былы работнік прылаўка. У Федзюкевіч спіртное (віно ці самагонку) можна набыць у любы час сутак. Пастукаў у акенца, дзверы “шынка” расчыніліся, бутэльку адтуль падалі, грошы забралі і дзверы зачынілі. Калі грошай разлічыцца за паўлітэрку няма, дадуць у доўг. Зайздросны сэрвіс для п’яніц.

Яго не раз паспрабаваў на сабе і жыхар вёскі Калягі Алег Каляга. За адзін толькі месяц, бывала, набіраў у пані Ванды гарэлкі амаль на паўмільёна. Але на гэты раз удача ад яго адвярнулася. Не паспеў атаварыцца ў “шынку”, як быў затрыманы міліцыяй. Зараз яму прыйдзецца выплачваць мільён рублёў штрафу, як і ўладальніцы гандлёвай кропкі.

 Для Ванды Юзэфаўны плаціць штраф, хадзіць на пасяджэнні ўсялякіх камісій – справа звыклая. У прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай улады, праваахоўных органаў яна “шчыра” раскайваецца, просіць яе прабачыць і паверыць, што “чорт паблытаў” з продажам спіртнога ў апошні раз. Бывае, што для большай упэўненасці і слязу пусціць, але праз некаторы час “шынок” зноў ветліва расчыняе дзверы для тых небаракаў, што патапілі ў віне жыццё сваё і сваіх родных. У Ванды ёсць два дарослыя сыны. Як бы павяла сябе кабета, каб даведалася, што ў п’янстве круглыя суткі ім садзейнічае нехта з аднавяскоўцаў? Можна толькі здагадвацца.

Дапамагае спойваць вяскоўцаў і гэтым самым нясе ў сем’і слёзы і бяду не адна толькі В.Ю. Федзюкевіч. За рэалізацыю спіртных напіткаў дома ў 2012 годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 35 чалавек. Ці, не дзякуючы іх гарэлцы, сем пітучых грамадзян пасля таго, як прынялі чарговую порцыю спіртнога, учынілі ў сем’ях сварку і пагражалі забойствам сваім блізкім? У адносінах да ўсіх семярых узбуджаны крымінальныя справы. Сістэматычна збіваў сваю сужыцельку, калі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, Віктар Ланеўскі. За змардаванне жанчыны прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Магчымасць у любы час пажывіцца спіртным, прычым не заўсёды якасным, прывяла да смерці ў мінулым годзе 11 чалавек.

Праваахоўныя органы з алкагалізацыяй насельніцтва змагаюцца сваімі метадамі, у прыватнасці, накіроўваюць асоб, якія злоўжываюць спіртным, на лячэнне. Летась папраўляць сваё здароўе ў лячэбна-працоўны прафілакторый паехала 26 чалавек.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *