О роли человека в сохранении природного баланса размышляют докшицкие экологи

Начальнік раённай інспекцыі ПРіАН Уладзімір Вішнеўскі і галоўны спецыяліст службы Віктар Малаш (справа налева).

Начальнік раённай інспекцыі ПРіАН Уладзімір Вішнеўскі і галоўны спецыяліст службы Віктар Малаш (справа налева).

5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

Кожны год напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя мы размаўляем з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Вішнеўскім на тэмы значна глыбейшыя, чым проста статыстыка. Вось і сёлета быў закрануты такі аспект, як адвечнае: каго ж і ад чаго на самай справе трэба абараняць? Чалавека ад прыроды ці наадварот? А пачалі з зусім простага і канкрэтнага пытання:

– З якімі запытамі часцей за ўсё звяртаюцца ў нашу інспекцыю грамадзяне?

– Нельга штосьці адно вынесці на першы план, аднак нароўні з такімі будзённымі, здавалася б, тэмамі, як выкарыстанне нетраў, водных рэсурсаў, кантроль за абарачэннем бытавых адходаў, выходзяць пытанні… абароны чалавека ад жывёльнага свету. Напрыклад, у мінулым годзе было два паведамленні пра выпадкі сустрэчы з рыссю ў населеным пункце, не аднойчы распавядалі пра сляды знаходжання мядзведзя, прасілі знішчыць баброў, якія пабудавалі плаціну… Дарэчы, пра апошніх. Вы ведаеце, што менавіта дзякуючы бабру, а дакладней, каб выратаваць яго ад поўнага знішчэння і штучна аднавіць папуляцыю на большасці тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад гістарычнага арэала, у 1925 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні нашага знакамітага Бярэзінскага біясфернага запаведніка? Гэта быў адзін з найбольш паспяховых прыродаахоўных праектаў, якія рэалізоўваліся ў былым Савецкім Саюзе. У Беларусі бабёр за няпоўнае стагоддзе з амаль цалкам зніклага ператварыўся ў шырока распаўсюджаны від, які сустракаецца паўсюдна, нават на ўскраінах буйных населеных пунктаў і ўздоўж ажыўленых аўтамагістраляў.

– І зараз бабра столькі, што нават у наш чат-бот прыходзяць фотаздымкі з вынікамі яго “дзейнасці”, напрыклад, з забалочваннем сельскагаспадарчых тэрыторый.

– Маё асабістае меркаванне: у ход прыродных з’яў трэба ўмешвацца як мага менш. Напрыклад, колькі часу таму паступалі сігналы з тэрыторый санаторыя “Лясное”, што адпачываючыя спачатку прыкормлівалі мядзведзя, а потым звер прывык да такіх пачастункаў і стаў наведвацца часцей. Што рабіць у такім выпадку? Ну, па-першае, пакідаць месца, дзе ўбачылі прысутнасць мядзведзя ці іншага драпежніка, як мага хутчэй, а па другое – не правакаваць жывёлу тым жа кармленнем на далейшы кантакт, разумныя меры бяспекі ніхто не адмяняў. Дарэчы, калі звер не хворы, ён так жа баіцца чалавека, як і той яго. Што тычыцца баброў, то ёсць заканадаўчы механізм, як спраўляцца з іх дзейнасцю, калі гэта перашкаджае людзям. Трэба звярнуцца ў мясцовы сельвыканкам, на месца выедзе спецыяльная камісія і, калі ёсць неабходнасць, прыме рашэнне аб разбурэнні плаціны. А вось займацца гэтым будуць службы ў адпаведнасці з прыналежнасцю зямлі. Зноў жа ёсць перыяд палявання на бабра, калі знішчыць звера можна на законных падставах.

– Часта ў сацыяльных сетках можна прачытаць гісторыі пра тое, як людзі выратоўваюць буслоў, якія на зіму засталіся ў Беларусі.

– Так, і да нас часам звяртаюцца з такімі выпадкамі. Справа гэта выдатная, аднак, калі глядзець глыбей, часам першапрычына таго, што птушка не ляціць на зімоўку ў цяплейшыя краіны, зноў жа крыецца ў… паводзінах чалавека. Памятаеце, якая просьба размешчана на шыльдачках у заапарку ці запаведніку?

– Не карміць…

– Правільна. Наша “дабрыня” ў выглядзе скібкі хлеба для таго ж лебедзя можа каштаваць яму жыцця. Батон, белы хлеб, сухары, смажаныя і салёныя семечкі, дражджавыя хлебабулачныя вырабы – усё гэта закаркоўвае валлё птушкі, і пачынаецца працэс закісання ў стрававальнай сістэме. Калі ж усё роўна хочацца пачаставаць, карміць лебедзяў лепш за ўсё праваранымі крупамі, такімі як рыс, проса, грэчка ці аўсянка, а таксама кавалачкамі гародніны, камбікормам. Але давайце не будзем забывацца пра тое, што адкормленай птушцы цяжэй перанесці дарогу на зімоўку ці, прывыкнуўшы да частавання, яна і ўвогуле можа застацца ў халодную пару на звыклым месцы. Вяртаючыся да буслоў, заўважу, што часта людзі выходжваюць кволых птушак, не ведаючы, што птушаня не проста так вывалілася з гнязда. На жаль, менавіта буслу ўласцівы натуральны адбор, і больш слабае патомства яны могуць самі выбракоўваць. Гэта факт.

У прыродзе заўсёды існуе такое паняцце, як баланс, і чым менш мы ўмешваемся ў яго, тым камфортней адчуваюць сябе і звер, і птушка. Сёння міжнароднае экалагічнае свята, аднак хацелася б, каб пра гэту акалічнасць людзі памяталі не толькі напярэдадні яго, але і ўвесь астатні час.

– Дзякуй за размову.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *