Как в Докшицком районе развивался СХФ «Бегомльский»

рукадзельніца 659

А.М. Бальшуноў (у цэнтры) з механізатарамі Андрэем Аўтушкам і Уладзімірам Батурам

Хто знае, на чым пагарыш і што апраўдае – кажуць у народзе. Вось ужо дзе мудрасць народная, атрыманая ў выніку аналізу пражытага. Тры гады таму СГФ “Бягомльскі” ўзначаліў Анатоль Мікалаевіч Бальшуноў. Калі сказаць праўду, то былі сумненні наконт таго, што пойдуць у яго справы добра, што “пацягне” сельгаспадарку, дзе і землі з нізкім балам урадлівасці, і людзі, якім ёсць магчымасць зрабіць выбар у лепшы бок, бо побач іншыя арганізацыі.
Пачаў сваю дзейнасць сур’ёзны, строгі і прынцыповы Анатоль Мікалаевіч з дысцыпліны на вытворчасці і ў рабочым асяроддзі. Як кажуць, падкруціў гайкі. Не ўсім гэта падабалася, не адразу з’явілася паразуменне, бо не ў яго характары паддобрывацца, даваць неапраўданыя абяцанкі. Затое цяпер – поўны парадак. І гэта пры тым, што калектыў спецыялістаў не змяніўся, механізатарскі састаў практычна ранейшы (прыйшлі з ДП “АграБераснёўка” Юрый Печань і Андрэй Аўтушка, які памяняў месца жыхарства). У жывёлагадоўлі няма ніякай кадравай навізны.
Набор тэхнікі, трактароў, пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў у СГФ “Бягомльскі” на сённяшні дзень дастаткова шырокі і сучасны. Толькі за апошнія два гады атрымалі па лізінгу “Беларус-3022, -3522”, “Амкадор-352”, дыскатар. На набыццё такой тэхнікі затрачаны значныя грашовыя ўкладанні. Перададзена ж яна ў надзейныя рукі механізатараў і, як сказаў дырэктар, выбраць, каму даць, было нескладана, бо тыя, хто працуюць у філіяле, людзі спрактыкаваныя і ўмелыя. Ніхто з механізатараў не выедзе ў поле з неадрамантаваным плугам ці культыватарам, не гаворачы ўжо пра няспраўную сеялку ці іншы агрэгат. Менавіта таму паляпшаецца тэхналогія апрацоўкі глебы, павышаецца культура земляробства, змяншаюцца энергазатраты, зніжаецца сабекошт атрыманай прадукцыі.
Зямля суседа не чужая, лічыць кіраўнік сельгасфіліяла “Бягомльскі”. Вось таму пасля заканчэння пасяўной на сваіх землях ён ужо другі год запар адпраўляе тэхніку на палі ДП “АграБераснёўка”. Механізатары “Бягомльскага” дапамагаюць у апрацоўцы глебы, на сяўбе зерневых. Сёлета, апрача гэтага, частку тарфянікаў ва ўрочышчы “Мількунь”, якія, лічы, там гулялі, узяліся перазалужыць і пасеяць зерневыя на патрэбы сваёй арганізацыі. 51 гектар мінералкі ля Скуратоў засеялі аўсом, а на астатніх 150 ля Мількуні, на дзень нашага прыезду, вяліся падрыхтоўчыя работы. Як паказвае практыка, пераараць здзервянелую плошчу, на якой дзесяцігоддзямі раслі шматгадовыя травы, па якіх ездзілі з косамі, граблямі, прэспадборшчыкамі, прычэпамі, нялёгка. Трэба апусціць плуг на ўсю глыбіню і пацягнуць хоць ужо і па пераплэмым, але цяжкім і вільготным тарфяніку. Тэмпы работы нізкія, знос тэхнікі вялікі. Параіўшыся, рашылі ўперад пусціць дыскі. Справы пайшлі зусім іншым чынам. Адзін механізатар, а дыскуе Андрэй Аўтушка, дае работу тром трактарам з плугамі. Натужна, але размерана выварачваюць карані з чорнай дзярнінай Леанід Матрашыла, Уладзімір Батура і Юрый Печань. Пасля таго, як па ворным полі “пабегаюць” дыскатары, бароны, наступае чарга пасяўному агрэгату. Засявае зямлю з-пад пару Сяргей Шпэт, а падвозіць зерне Барыс Батура. На 90-гектарнай плошчы запланавалі пасеяць кукурузу на зерне. Астатнія 60 гектараў пусцілі пад пшаніцу. Сёлетнія сельгасугоддзі філіяла павялічыліся на 210 гектараў, прыдатных для вырошчвання культурных раслін. А гэта лішнія цэнтнеры кармавых адзінак фуражу, дадатковыя тоны зерня, каб разлічыцца з крэдытам, выдаць заработную плату, пашырыць вытворчасць.
У СГФ “Бягомльскі” актыўна прыступілі да выканання праграмы “Чыстыя палі” і займаюцца гэтым ужо на працягу трох гадоў. Толькі сёлета ачысцілі ад кустоўя, ліквідавалі межы ля вёсак Гарадзёнка, Пясчанка, Караліно больш чым на 100 гектарах. Люба-дорага паглядзець на разгорнутую контурнасць палёў, дзе ўжо раскусцілася азіміна. Толькі ўдалечыні на ўскрайку лесу стаяць валы, што ссунулі бульдозерам. Пазбавяцца ад іх, калі вызваліцца тэхніка ад гарачай работы. Яе ў гэты час, як вядома, хапае. Людзі ўжо прывыклі да таго, што на месцах закінутых сядзіб і прысядзібных надзелаў наводзіць парадак прадпрыемства. Вось і нядаўна патэлефанавалі дырэктару.
– Гэта вам з Бабцаў звоняць, – чуе ў трубцы Анатоль Мікалаевіч, – мы вось тут сядзім на лаўцы і мяркуем, што вы, мабыць, забыліся, што ў нашай вёсцы яшчэ засталося некалькі зарослых дзеразой участкаў. На суседняй тэрыторыі працуеце, а ў нас вашых работнікаў няма.
– Чакайце, будуць, – паабяцаў Бальшуноў, – не ўсё адразу, але вёску давядзём да толку. Толькі і самі не лянуйцеся, сачыце за парадкам.
– О-о, мы будзем, будзем!
У “Бягомльскім” накіравана працуюць у кірунку развіцця жывёлагадоўлі. Нездарма надоі ад каровы за дзень тут бадай што вышэйшыя, чым ва ўсіх астатніх гаспадарках раёна. Па стане на ўчарашні дзень там даілі ў сярэднім па 13,6 кілаграма, а гэта значыць, што штодзённа на рахунак філіяла паступае 12-13 мільёнаў рублёў. Пасвяцца статкі па выдатным травастоі. Толькі ў папярэднім годзе было перазалужана 200 гектараў шматгадовых траў, налічваецца 170 гектараў шматкампанентных пашаў. Ды і на перыяд стойлавага ўтрымання 2013-2014 года была нарыхтавана вялікая колькасць якасных травяных кармоў. Наяўнасць іх у сянажна-сіласных траншэях сёння складае паўгадавы запас. А ўжо пачаўся новы сезон нарыхтоўкі. У Бабцах і Маргавіцы чакаюць здробненай зялёнай масы чатыры практычна новыя, добра вычышчаныя бетонныя траншэі. Тры гады таму сакавіты корм клалі ў земляны роў і засыпалі яго, а значыць, гублялі якасць, пэўную частку сенажу, а разам з ім і грошы. Не так проста было ўзвесці адпавядаючыя патрабаванням траншэі, але зараз яны сталі гонарам таварыства. Туды, выстраіўшыся ў рад, здаецца, адначасова могуць зайсці чатыры машыны.

Ідзе будаўніцтва новай фермы

Ідзе будаўніцтва новай фермы

Гаспадарчым спосабам і высокімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва камп’ютарызаванай фермы з малочнадаільным блокам. Да пачатку стойлавага перыяду аб’ект будзе гатовы. Недахоп грашовых сродкаў на пакупку цэменту і іншых будматэрыялаў не дае магчымасці разгарнуць работы ў поўным аб’ёме. Тым не менш дзве брыгады працуюць без прастояў. Ужо набыта даільнае абсталяванне, ёсць жывёла, якую рыхтуюць для размяшчэння на новай ферме. Нягледзячы на тое, што перыяд вялікага малака яшчэ наперадзе, яго вытворчасць павялічылася ўжо. Менавіта шляхам рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі ў вялікім аб’ёме і высокай якасці будуць даведзены работы на будаўніцтве да канца.
І ўсё ж галоўнае, на што звяртае ўвагу кіраўнік, гэта людзі. Даць ім дастойную зарплату, забяспечыць працай – вось над чым пастаянна працуе Бальшуноў. І гэта ў яго атрымліваецца. Неяк у размове механізатар Уладзімір Батура сказаў, што ён “перажыў” не аднаго кіраўніка, але найбольшай павагай пранікся да Анатолія Мікалаевіча. І хоць патрабавальны ён, паставіць задачу і строга спытае за яе выкананне, усё ж чалавек памяркоўны і спагадлівы. Увойдзе ў становішча кожнага, падтрымае, дапаможа. “З ім можна рашыць любое пытанне”, – гаворыць Батура і дадае, – канечне, калі ты з душой да справы, то і кіраўнік аналагічна да тваіх праблем”.

Уезд на тэрыторыю мехдвара

Уезд на тэрыторыю мехдвара

Вядома, што нават у зімні перыяд, калі механізатары большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна, апрача рамонту тэхнікі, нічым асаблівым не заняты, у “Бягомльскім” працуюць з поўнай нагрузкай. Бальшуноў дамаўляецца з іншымі арганізацыямі, (аўтазапраўкамі, камунгасам, дарожна-эксплуатацыйнай службай) і механізатараў задзейнічаюць на чыстцы дарог ад снегу, іншых работах.
Канечне, узнікаюць іншы раз недапрацоўкі, памылкі як спецыялістаў, так і рабочых, але калі ёсць сумленне і жаданне працаваць лепш для сябе і дзяржавы, то абавязкова знаходзяцца і выпраўляюцца пралікі, каб больш іх не паўтараць.
Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *