На заводе «Ветразь» в Докшицком районе начало действовать совместное с итальянцами производство

IMG_1263Напярэдадні Новага года прыйшла прыемная навіна: на заводзе “Ветразь” пачала дзейнічаць новая сумесная з італьянцамі вытворчасць.

У маі 2015-га года паводле папярэдніх дамоўленасцяў прадпрыемства наведаў генеральны дырэктар брэндавай італьянскай фірмы “Вега”. Быў падпісаны пратакол аб адкрыцці сумеснай вытворчасці. Тры месяцы інтэнсіўнай падрыхтоўчай дзейнасці, у час якой унеслі змяненні ў тэхналагічны працэс зборкі будучай прадукцыі, абмеркавалі яе кошт, і ўжо ў жніўні была выпушчана пробная партыя антывандальнай кнопкі. Гэта невялікая дэталька для ліфта відавочна абяцае вялікую будучыню заводу. Менавіта яна і ВК-экран з’яўляюцца галоўнымі складальнымі яшчэ аднаго віду прадукцыі – кнопачнай панэлі “Флорэнс”. Яе выпускаюць двух відаў: з адной і дзвюма антывандальнымі кнопкамі.

На зборачнай вытворчасці задзейнічаны 8 чалавек. Яны трапілі сюды ва ўмовах жорсткага конкурснага адбору, які сярод электрамантажнікаў, клапоцячыся пра імідж сваёй сусветна вядомай фірмы, праводзілі самі італьянцы. Ад будучых рабочых патрабаваліся дасканалае, ювелірнае валоданне працэсам паяння і іншыя прафесійныя якасці. Найлепшымі майстрамі прызнаны Анастасія і Вера Тучыны, Вераніка Багдановіч, Георгій Міміканян, Вольга Ковель, Людміла Леган, Ганна Супрановіч і Таццяна Бабіч.

У снежні завод паспеў выпусціць 400 штук панэляў і прадаць іх “Магілёўліфтмашу” на 1 мільярд рублёў, 200 мільёнаў атрымана за продаж кнопкі ў колькасці 2000 штук.

Менавіта зборка камплектуючых стала тым козырам, які дазволіў заводу “выйграць партыю” ў галаўнога прадпрыемства. Яно дагэтуль для вытворчасці ліфтаў купляла ў “Вегі” гатовую панэль. Ад гэтай “здзелкі” “Магілёўліфтмаш” выйграў эканамічна, а “Ветразь” расшырыў вытворчасць, павялічыў людзям зарплату і даў надзею на будучыню. Зараз вядуцца перамовы аб павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці. На думку дырэктара завода А.В. Сіўко, ёсць усе ўмовы зрабіць іх большымі ў два разы, а выпуск антывандальнай кнопкі давесці да 7-8 тысяч штук у месяц ужо ў першым квартале бягучага года. У далейшым ёсць згода італьянцаў на пастаўку лазернай устаноўкі для рэзкі і прасавання панэлі, а таксама абсталявання для кантролю за якасцю на агульную суму 350 тысяч еўра.

Паралельна прадпрыемства не спыняе дзейнасць па выпуску метызнай прадукцыі. Летась асвоена больш за 3 мільярды рублёў інвестыцый, за якія набыты чатыры станкі для выпуску самарэзаў і печ для цынкавання. Гэтым самым завершаны тэхналагічны цыкл па гальванічнай апрацоўцы метызнай прадукцыі.

Мінулы год, не самы спрыяльны для развіцця вытворчасці, прадпрыемства, між іншым, завяршыла з атрыманнем рэнтабельнасці ад продажу 4 працэнты. Атрымана чыстага прыбытку 552 мільёны рублёў. Сярэднямесячная зарплата склала 5306 тысяч рублёў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у зборачным цэху, на пярэднім плане, электрамантажніца Людміла Леган.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *