Достопримечательностью Докшицкого района является древний парк Домейкового периода в деревне Ситцы

Славутасцю нашага раёна з’яўляецца старажытны парк у вёсцы Сітцы. У XVII cтагоддзі былі гонарам умацаваны замак з палацам і гаспадарчымі пабудовамі, парк, як узор садова-паркавай культуры.

Спачатку палац належыў сям’і Бжастоўскіх, а затым разам з угоддзямі быў выкуплены родам Дамейкаў. Яго вядомым прадстаўніком стаў Ігнат – геолаг, географ і этнограф. Большую частку жыцця ён правёў у Чылі і там стаў нацыянальным героем. Тым не менш прозвішчам нашага Дамейкі названа малая планета і мінерал, які быў ім вынайдзены.

Ад сядзібы Дамейкі сёння мала што засталося: парк са шматвекавым дубам, напаўразбураныя вароты-брама з вежай і вінтавой лесвіцай, ды калоны панскага дома. Цікава б было ведаць, навошта трэба было ўзводзіць вароты дваццаціметровай вышынёй і пакой у вежы, памерам з невялікую маласямейку?

Вядома, што ў парку была абсталявана аранжарэя, дзе садоўнікі вырошчвалі ружы, лімоны і апельсіны. У спрыяльным месцы прыжылася і вінаградная лаза, якая давала багаты ўраджай “заморскіх” ягад. Яна і сёння аплятае адну са сцен. Упрыгажэннем парка з’яўляецца больш чым 500-гадовы дуб, да якога час ад часу прыязджаюць з розных куткоў Беларусі. Кажуць, што некалі пад яго кронай адпачываў нацыянальны герой Тадэвуш Касцюшка. У парку па-ранейшаму жывуць велізарныя ўліткі. Ды так многа, што, ідучы па ім, баішся, каб не наступіць (на здымку).

IMG_2225

Парк аблюбавалі салаўі, якія спакон вякоў выводзяць трэлі для закаханых.

У гады маладосці мне таксама даводзілася слухаць іх спевы. А яшчэ – удзельнічаць ва ўрачыстасцях, якія там праводзіліся. Шыкоўна адзначалі Дзень вясны, Дзень моладзі, Дзень ураджаю, іншыя святы. У парку непадалёк ад брамы была сцэна, на якой танцавалі. Побач размяшчаўся духавы аркестр, які па звычцы запрашалі на ўрачыстасці. Людзей збіралася на свята многа. У кожную вёску спецыяльна накіроўвалі грузавыя машыны, каб сабраць саўгаснікаў на фэст.

Той час застаўся ў мінулым. Нават кантора, што некалі стаяла ў панскім парку, перасялілася ў сучаснае памяшканне. Асірацелі старыя дрэвы, зараслі пустазеллем і сцяжынкі. А як хацелася б, каб зноў ажылі жывапісныя месцы, зноў сталі вабіць маладых пад свае кроны асіны і таполі! Дзе, калі не тут, адпачываць у цяні, слухаць прызнанні ў каханні.

Некалькі гадоў таму, калі ўзводзілі аграгарадок, пэўнае добраўпарадкаванне правялі і ў панскім парку. Спадзяваліся на тое, што з’явяцца грошы на рэканструкцыю помніка гісторыі (парк і сядзіба знаходзяцца на гістарычным балансе). Ды, як кажуць, пасля пэўных спроб штосьці зрабіць воз усё ж застаўся на месцы. Канечне, узнавіць браму, адрэстаўраваць сцяну, на рэштках падвала зрабіць помнік культуры, думаецца, немагчыма. Усё заключаецца ў складаным фінансавым становішчы. А вось навесці элементарны парадак, пазбавіць ад крапівы і іншага пустазелля ростам у чалавека, здаецца, не так і складана. Як любіць паўтараць наш старшыня райвыканкама: трэба не адгаворкі шукаць, а шляхі для вырашэння праблем. Вынікае, што няма арганізатара такога мерапрыемства. Дык можа заняліся б члены грамадскай маладзёжнай арганізацыі “БРСМ”? Некалі іх папярэднікі – камсамольцы – будавалі БАМ, “Магнітку”, іншыя глабальныя аб’екты. Не скардзіліся, а добраахвотна ехалі працаваць. Я ўпэўнена, і цяпер ёсць энтузіясты, нераўнадушныя маладыя людзі з гарачым сэрцам і чыстым сумленнем, з вялікай любоўю да сваёй зямлі, яе мінулага.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ
Фота  А. Варанковіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *