Делегация Докшицкого района приняла участие в областных «Дожинках-2014» (+ много фото)
На свяце аграрыяў вобласці прырода яшчэ раз паспрабавала нагадаць, што яна гаспадар жыцця, і наслала спорны дожджык, але і яму не ўдалося пазбавіць сельскагаспадарчы кірмаш святочнага настрою. Гарадок быў перапоўнены людзьмі, якія сабраліся раздзяліць з працаўнікамі сяла радасць завяршэння работ, вынікам якіх стаў важкі каравай 2014 года. Ён пацягнуў на 1 мільён 300 тысяч тон зерня. Гэта самы вялікі за апошнія некалькі дзясяткаў год ураджай збожжавых. Кіраўнікі прадпрыемстваў, аграномы, камбайнеры, вадзіцелі – усе былі запрошаны на абласныя “Дажынкі”. Герояў уборачнай цёпла прывітаў губернатар вобласці А.М. Косінец. У час цырымоніі ўзнагароджання прагучаў і наш раён. Як пераможца рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” ДП “Гняздзілава-Агра” атрымала Дыплом і трактар “Беларус-82”.
Узнагароду прыняў былы дырэктар сельгаспрадпрыемства, а зараз начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С.У. Абірала (на здымку трэці злева).
Для Гарадка абласныя дажынкі – свята, якога ён яшчэ не ведаў. Яно непазнавальна змяніла знешні выгляд гэтага паўночнага гарадка. Рэканструкцыю працярпелі 160 аб’ектаў. Новыя вакзалы, гасцініца, аздараўленчы цэнтр для гульнявых відаў спорту, абноўленыя жылыя дамы і вуліцы. Пабудавана міжнароднага ўзроўню спартыўная траса.
“Дажынкам” была ўся ўвага. Цэнтр горада стаў адзінай пешаходнай зонай, на якой размясцілася небывалых памераў тэатралізаванае свята брэндаў раёнаў і гарадоў. Вельмі дастойна на ім выглядаў наш раён (здымак першы).
Госці свята – ветэраны вайны з Расіі аддавалі чэсць, пачуўшы гукі бессмяротнага маршу “Прощание славянки” ў выкананні духавога аркестра докшыцкай ДШМ. Ваеннай тэматыцы надалі перавагу і работнікі культуры. “На солнечной поляночке” – назвалі яны сваю пляцоўку і аздобілі яе так, што кожны пры жаданні мог уявіць сябе на хвілінку ўдзельнікам ваенных падзей. Адбою не было ад жадаючых сфатаграфавацца з радысткай і медсястрой, паласавацца гарачай кашай і запіць яе духмяным травяным чаем (здымак другі).
“Докшыцкі панадворак” спажывецкай кааперацыі прывабліваў смачнымі стравамі, гарачым шашлыком і ветлівымі ўсмешкамі прадаўцоў (здымак трэці). І тут таксама было шмат жадаючых сфатаграфавацца на маляўнічай пляцоўцы сярод восеньскіх дароў прыроды, якую аформілі кааператары.
Міма пляцоўкі “Докшыцкая батлейка – “Родныя вытокі”, якая прадстаўляла на медыяфоруме “Рэпартаж са жніўнага поля” нашу газету, амаль ніхто не праходзіў, каб не спыніцца. Цікавасць выклікала маляўнічая батлейка з лялькамі, выстава з газетамі і фотаздымкамі. Асабліва шмат было жадаючых прыняць удзел у гульні “Размаўляем па-беларуску”. За правільна перакладзенае слова з беларускай мовы на рускую ўдзельніка чакаў адзін з прызоў: магніцік з лагатыпам Докшыц і электронным адрасам газеты, кавалак вельмі смачнага караваю з духмяным мёдам, замарынаваны баравік і іншыя прысмакі, на якія багаты наш край. Людзі з задавальненнем дэманстравалі сваё веданне роднай мовы. Былі сярод іх і расіяне са Смаленска. Значэнне слова “акуляры” спрабавалі высветліць нават госці з Татарстана. І ўсе выказвалі захапленне мілагучнасцю, прыгажосцю беларускай мовы, прасілі журналістаў паразмаўляць па-беларуску, пачытаць вершы. Што мы з задавальненнем рабілі (здымак чацвёрты).
Свае вельмі цікавыя пляцоўкі з выставамі рэтратэхнікі і сучаснымі навінкамі паказалі Белпошта і МНС, Мінсельгасхарчаванне і “Віцебшчына турыстычная”. Маладыя сем’і змагаліся на конкурсе “Уладар сяла”, спартсмены ставілі рэкорды на гарадскім стадыёне. Немагчыма нават пералічыць усё, чым багаты былі гарадоцкія “Дажынкі”.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В.Чарвінскага.