Докшицкая молодёжь увлекается посткроссингом

Пра айфон, айпад, смартфон, гульнявыя прыстаўкі і іншыя сучасныя гаджэты марыць амаль кожнае дзіця. Калі раней на святы малыя атрымлівалі звычайныя цацкі, то зараз у такой разнастайнасці выбару можна згубіцца. Ды і ці карысныя ўсе гэтыя наварочаныя прыбамбасы? Чым жа парадаваць сваё дзіця, заняць яго вольны час і быць спакойным, што ўсё зрабіў правільна? Многія шукаюць адказ на гэта пытанне. Адны паддаюцца павевам моды і спяшаюцца за тэхнічным прагрэсам, другія, памятаючы пра сваё дзяцінства і юнацтва, уцягваюць нашчадкаў у заняткі, якія падабаліся некалі самім. Здаецца, не так даўно папулярным было збіранне “мульцікаў” са жвачак, фанцікаў, этыкетак з пачак запалак і шмат  іншага. У наш час, як альтэрнатыва “вулічнаму” баўленню часу, у Беларусі створаны Цэнтр дзіцячага калекцыяніравання. Дзяўчынкі і хлопчыкі, якім цікава даведацца, што такое філатэлія, нумізматыка, баністыка, могуць звярнуцца туды па дапамогу. Трэба толькі даслаць ліст, у якім напісаць пра тое, што хочаш збіраць – і табе будзе дасланы першапачатковы матэрыял для будучай калекцыі. 

IMG_4812

Наталля Сініца (на здымку), з гонарам паказвае сваю калекцыю. Рознакаляровыя паштоўкі і каляндарыкі, якіх у яе амаль 300 штук, – гэта двухгадовае захапленне вельмі цікавым накірункам – посткросінгам. Дзяўчына вучыцца на другім курсе Полацкага каледжа УА «ВДУ імя П.М. Машэрава» па спецыяльнасці “Настаўнік замежнай мовы”. З дзяцінства марыла пра падарожжы па іншых краінах і вырашыла, што для гэтага абавязкова трэба вывучыць англійскую мову.

– Пра посткросінг я даведалася з маладзёжнага часопіса. Для таго, каб назбіраць калекцыю паштовак, трэба было зарэгістравацца на спецыяльным сайце, пакінуць там свой адрас і чакаць. Многія пішуць, менавіта адкуль хочуць атрымаць прывітанне. Так пачынаецца сяброўства з іншаземцамі. Першыя мае паштоўкі прыйшлі з Польшчы. За некалькі гадоў я пазнаёмілася з грамадзянамі амаль усіх краін свету. Ёсць у мяне сябры ў Італіі, Малайзіі. Працягваю перапіску і абмен паштоўкамі і каляндарыкамі з падлеткамі з Польшчы і Кітая. Дарэчы, кітайскі сябра стараецца мне пісаць лісты на рускай мове, бо вывучае яе. Для мяне маё захапленне таксама карыснае ў плане практыкі ў авалодванні англійскай мовай.

Наташа яшчэ ў час вучобы ў школе ўцягнула ў свой цікавы занятак некалькі сябровак з класа. Не раздумваюць знаёмыя пра падарункі для Наталлі на святы. А ёй вельмі хочацца атрымаць лісты з краін, дзе збіральніцтва паштовак мала распаўсюджана. Вось так, праз трошкі асучасненае захапленне бацькоў, моладзь “падарожнічае” па краінах свету, знаёміцца з традыцыямі і культурай розных народаў, а многія практыкуюцца ў веданні замежнай мовы.

А ўвогуле, Беларусь займае шостае месца ў посткросінгу.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *