Марыя, якая не баіцца цяжкасцей

IMG_6053У КУСГП імя Чэрныша яна прыйшла працаваць зусім нядаўна. Прызначыў маладую жанчыну малады кіраўнік прадпрыемства Ягор Віннікаў галоўным заатэхнікам. Яна не вагалася над прыняццем прапановы, таму што марыла аб гэтай пасадзе. І менавіта, каб гаспадарка была адстаючай, і каб цяжкасцей было як мага больш. Мабыць хтосьці са спецыялістаў скептычна ўсміхнецца, маўляў, не ведае справы, далёкая ад жывёлагадоўлі. Ды не. За плячамі Марыі Сухарэвіч не толькі практычныя веды, якія набыты ў аграрным універсітэце, але і пяць гадоў практыкі. Па размеркаванні дзяўчына з Ваўкавыска працавала два гады ў Гродненскай вобласці, затым – у Мінскай, але па волі лёсу (муж з Крыпуль) апынулася ў нас. Ягор Віннікаў задаволены тым, як узялася за справу яго “правая” рука. Маладому кіраўніку, які і сам нядаўна прыступіў да работы, ад якой адмахваліся ўмудроныя вопытам аграрнікі, трэба спецыялісты, што з юнацкім максімалізмам і ўпэўненасцю ў сваіх сілах могуць узваліць на сябе цяжар сельскагаспадарчых праблем. Не будзем прадказваць, што панабіваюць сабе гузакоў маладыя, але хто са старэйшых не мае іх? Галоўнае – хацець зрабіць лепш, чым было, шукаць шляхі вырашэння, эксперыментаваць, спрабаваць, працаваць… А вопыт прыйдзе, асабліва калі ёсць падтрымка і дапамога спецыялістаў райсельгасхарчу.

Першае, на што звярнула ўвагу Сухарэвіч, гэта адсутнасць у гаспадарцы тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. А хто хоча пазбаўляцца вальготнасці? Рабочы дзень яе доўжыцца ад цямна да цямна. Спяшаецца галоўны заатэхнік усё паспець, усюды пабываць, пракантраляваць рабочы працэс. З нецярпеннем чакае ўвядзення ў эксплуатацыю фермы з даільнай залай, а таксама арачніка для цялушак перадзлучнога перыяду. Пры кожным спрыяльным выпадку абмяркоўваюць з кіраўніком тэхналогію вытворчасці высакаякаснай жывёлагадоўчай прадукцыі, плануюць закрыць старую ферму ў Чысці Вардамскіх, расфарміраваць статак, падабраць кадры на новую. Радуюцца першым поспехам: па надоях на карову гаспадарка выйшла на ўзровень мінулага года. Гэты паказчык трэба не толькі ўтрымаць, але і павялічыць. Над гэтым і шматлікімі іншымі пытаннямі настойліва працуе дваццацівасьмігадовы заатэхнік. А тое, што населены пункт, у якім яна з мужам вырашыла пасяліцца надоўга, далёка ад райцэнтра, бойкай шашы яе зусім не засмучае. У час вучобы яна была на практыцы ў Швейцарыі і бачыла, як жывуць фермеры там. Яны нават хлеб купляюць на тыдзень і захоўваюць яго ў маразільнай камеры. Жывуць удалечыні ад гарадской мітусні і шуму і ў гэтым бачаць сваё шчасце. Пагаджаецца з іх укладам жыцця і гераіня нашага аповеду.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *