В День матери, который приурочен к празднику Покрова Пресвятой Богородицы, в Докшицах чествовали женщин
У Дзень маці, які прымеркаваны да свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у кінаканцэртнай зале “Іскра” ўшаноўвалі жанчын, якія выхавалі дастойных дзяцей. Прывітальныя словы выказаў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Абірала. Ён павіншаваў усіх жанчын, якія прысутнічалі ў зале, са святам. Падзякаваў ім за вялікую мацярынскую працу і ахвярнасць у імя сваіх дзяцей.
Само мерапрыемства атрымалася цёплым, шчырым і разам з тым урачыста-прыгожым. Яно ўсхваляла свет мацярынства, жанчын, якія лічаць, што самая прыгожая з іх тая, што з дзіцём на руках. Адна за адной падымаліся на сцэну шматдзетныя маці, іх сем’і і для кожнай вядучыя праграмы Марына Чабан і Віталь Васюковіч знаходзілі прыгожыя, ад сэрца сказаныя словы.
У маладой маці Святланы Навойчык пяцёра дзяцей. Працавітая, дастойная сям’я, у якой асновай выхавання з’яўляецца станоўчы прыклад бацькоў. Усе пяцёра акружылі на сцэне матулю, а яна прачытала для жанчын у зале цудоўныя вершы, дзе шчыра прызналася, што “дзяцей шмат не бывае” (здымак 1).
Гучнымі апладысментамі сустрэла зала 92-гадовую Ефрасінню Іванаўну Парцянка. Гэта незвычайная жанчына з’яўляецца маці 5 дзяцей. Бабуляй яе называюць 9 унукаў і столькі ж праўнукаў. Самых маленькіх з іх яна яшчэ і зараз дапамагае няньчыць. Старэйшыя праўнучкі Аляксандра, Анастасія і Крысціна павіншавалі любімую бабулю і ўручылі ёй прыгожы букет.
Маці ведаюць, колькі бяссонных начэй трэба правесці, зведаць хваляванняў, укласці працы, каб выгадаваць дзіця. А калі іх адначасова нараджаецца трое? Але што значыць усё гэта ў параўнанні з радасцю ад таго, што ў сям’і гадуюцца тры прыгожыя, разумныя, таленавітыя дзяўчынкі. І радасць павялічваецца ў тры разы, і словы пажаданняў, якія сказалі сваёй матулі дочкі Наталлі Кубар, таксама.
На свяце прысутнічала жанчына, якая адной з першых у раёне была ўзнагароджана ордэнам Маці. Гэта Валянціна Пусташылава. Зараз у Валянціны Мікалаеўны ўсе дзеці ўжо дарослыя і жывуць асобна. Але колькі б не было чалавеку гадоў: 5 ці 50, яму ўсё роўна патрэбна мама, яе пяшчотны позірк, добрая ўсмешка, клапатлівыя рукі. Маючы чатырох сыноў і дачку, мужа-кіраўніка, Валянціна Мікалаеўна тым не менш ніколі не абмяжоўвалася толькі хатнімі клопатамі. Яна шмат год была дырэктарам раённага Дома рамёстваў, выязджала на фестывалі і конкурсы, іграла ў народным тэатры, а зараз спявае ў хоры ветэранаў. За подзвіг маці і жонкі муж Уладзімір Іванавіч падарыў ёй кветкі і прыгожую песню, у якой прызнаўся самаму блізкаму і дарагому чалавеку яшчэ раз у каханні (здымак 2).
Разам з мужам, траімі дзецьмі і чароўнымі ўнукамі на сцэну паднялася цудоўная маці і бабуля Валянціна Ванюшына. Яна вырасціла сына Кірыла і дзвюх прыгажунь блізнят Дзіяну і Іну. Яны падарылі шасцёра ўнукаў. А яшчэ Валянціну Васільеўну добрым словам успамінаюць сотні бацькоў, чыіх дзетак яна выхоўвала, калі была настаўніцай пачатковых класаў. Сям’я Ванюшыных вельмі дружная і музычная. Захавальніца яе ачагу атрымала віншаванні ад мужа, дзяцей (здымак 3) і сама ў дуэце з мужам Анатолем Сцяпанавічам, як і некалі раней, прыгожай песняй парадавала гледачоў.
На свяце прагучала прозвішча Людмілы Падгайскай, якая выхавала траіх сыноў і адной з першых у вобласці была ўдастоена прэміі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Дарэчы, у раёне такую ўзнагароду маюць 10 жанчын.
Раён ганарыцца кіраўніком народнага тэатра, маці цудоўнага сына Ганнай Яцкоўскай, якая першай у 2002 годзе атрымала званне “Жанчына года Віцебшчыны”.
Ніводнае свята не абыходзіцца без музыкі і песень. У гэты дзень музычныя падарункі дарылі маці выхаванцы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама салісты Андрэй Воранаў, Таццяна Канцавая, Алена Паляніна, Андрэй Чабан і Вольга Шылкова.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.