Лебеди приземлились в Докшицах
З ранняга дзяцінства мы чуем аповеды і казкі пра цудоўную беласнежную птушку, якой паэты прысвячаюць свае вершы, народ – песні і казкі, кампазітары – музыку. Можна бясконца глядзець, як яна горда рассякае шырокімі грудзьмі паверхню вады, велічна нясе на грацыёзна выгнутай шыі зграбную галаву. Гэта лебедзь-шыпун, які ў натуральных умовах сустракаецца вельмі рэдка.
Нядаўна цэлая лебядзіная сям’я прызямлілася на гарадскую сажалку, недалёка ад раённай бальніцы. Людзі вельмі рэдка праходзяць міма, каб не спыніцца і не паназіраць, не сфатаграфаваць на мабільнік прыгажосць прыроды пад назвай – лебедзі. Спераду стаі, мяркуючы па памерах, заўсёды знаходзіцца тата-лебедзь, ззаду – маці-лебядзіха, а пасярэдзіне то збіваюцца ў кучку, то разбягаюцца па баках, “гадкія качкі”, як некалі ўдала назваў лебядзіных падлеткаў вялікі казачнік Ганс Хрысціян Андарсэн. Відовішча заварожвае сваімі прыгажосцю і магнетызмам падабенства паводзін птушак і чалавека разумнага. Чаму лебядзіная сям’я выбрала менавіта наш горад і якія мае планы на зіму, людзям ведаць не дадзена. Нам застаецца толькі сказаць “дзякуй” прыродзе за яшчэ адзін яе цуд.
Фота А. Варанковіча.