У згодзе з сабой

SAF_9964 самбоЖыць са спортам, але не лічыць жыццё спортам. Такой думкі трымаецца пераможца першага рэспубліканскага чэмпіянату па баявым самба сярод спартсменаў-аматараў Віталій Рачыцкі.
Баявое самба — гэта від спорту, створаны ў СССР, які аб’ядноўвае лепшыя дасягненні сусветнай культуры ў галіне баявых мастацтваў, найбольш эфектыўны від падрыхтоўкі да ваеннай і праваахоўнай дзейнасці ў сучасных умовах. Гэта ўнікальная сістэма самаабароны, якая заснавана на прынцыпах вядзення рэальнага бою з некалькімі праціўнікамі (стоячы або лежачы), натуральных рухах і спецыяльнай падрыхтоўцы ва ўмовах стрэсавай сітуацыі. Баявое самба даступна ўсім і кожнаму, нягледзячы на пол і ўзрост. Яго лічаць спортам ХХI стагоддзя.
У кастрычніку 2014 года ўпершыню ў рэспубліцы адбыўся Чэмпіянат па баявым самба сярод аматараў. У гэтым турніры прынялі ўдзел больш за 50 спартсменаў. Апрача самбістаў з Беларусі, удзельнікамі спаборніцтва сталі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Азербайджана і Таджыкістана. Задачамі, якія ставіліся перад турнірам, былі: умацаванне сяброўскіх сувязяў і абмен вопытам паміж спартсменамі, а таксама прапаганда здаровага ладу жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.
Удзельнікам спаборніцтваў, а затым і пераможцам у вагавай катэгорыі ад 82 кілаграмаў стаў ураджэнец Докшыц Віталій Рачыцкі. Сёння ён госць “раёнкі”.
– Віталій, раскажы крыху пра сябе.
– Дзяцінства прайшло звычайна. Школа, спартыўны і трэнажорны залы, дваровыя гульні. Асабліва захапіўся спортам у класе 8-м. Дасягаў добрых вынікаў па такіх відах, як штурханне ядра і кіданне дыскаў. Меў сілу – меў поспех. Са школьных прадметаў лёгка даваліся матэматыка, фізіка. Пасля школы паступіў на інжынера-праграміста ў Мінск. Ужо пасля трэцяга курса стаў працаваць. Увесь час аддаваў рабоце і вучобе, а спортам займаўся ў трэнажорнай зале, калі знаходзілася вольная хвіліна.
– І ўсё ж спортам заняўся ўсур’ёз.
– Ды я б так не сказаў. Пасля заканчэння ВНУ свабоднага часу стала больш. Калега і сябар прапанаваў разам з ім хадзіць на баявое самба. Я заахвоціўся. Паколькі фізічная загартоўка была, то адразу адчуў сябе ў новым асяроддзі як рыба ў вадзе. У клубе “Ліга” трэніраваў мяне Аляксандр Варановіч. На заняткі да яго хадзіла да 40 чалавек. Цікава было сапернічаць з рознымі спартсменамі-аматарамі. Адчуваў сваю сілу, было ўменне. Думка паўдзельнічаць у чэмпіянаце ўзнікла сама па сабе.
– Хваляваўся вельмі?
– Перад пачаткам бою, калі ўбачыў вялікую колькасць гледачоў. Той, хто ўжо меў вопыт такога саперніцтва, мог сябе псіхалагічна настроіць. Я ж, як кажуць у спартыўным асяроддзі, перагарэў. Ногі сталі ватнымі, сілы пакідалі. Аднак правёў чатыры баі і выйшаў у пераможцы.
– На лідарства спадзяваўся?
– У глыбіні душы – так. Але пасля першага бою надзея рухнула. Думаў, што не вытрымаю. Было складана, не стану маніць.
– Хто з родных першым даведаўся пра перамогу?
– Ужо не памятаю. Думаю, што бацька. Ён для мяне аўтарытэт. Яго думка, погляд – важныя.
– Як адчувае сябе лепшы аматар баявога самба?
– Адчуваю сябе звычайным здаровым чалавекам. Я за здаровы лад жыцця. За правільнае харчаванне. Мяне ніхто ніколі не крыўдзіў, але ўмець абараніць сябе ці слабейшага лічу абавязкам кожнага мужчыны.
– Чым займаешся апрача работы і спорту?
– Люблю падарожнічаць. У апошні час пабываў у Рыме, Парыжы, Осла, Барселоне, на востраве Майорка… Зачараваны Іспаніяй. Люблю Мінск і свае Докшыцы.
– У свае няпоўныя 26 дабіўся многага. А якія планы не ажыццявіліся?
– Я працую і атрымліваю ад работы не толькі матэрыяльны дастатак, але і задавальненне. Наконт планаў цяжка што сказаць. Неяк задумаўся над выказваннем, у якім гаварылася, што не так важна атрымаць перамогу ў саперніцтве з іншымі, важней атрымаць яе ў саперніцтве з сабой. Хачу жыць у згодзе з сабой.

Гутарыла
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *