Агроусадьба «У Топтыгина» является достойным украшением Бегомльщины
Клінікі, як і ўсе вёскі на Бягомльшчыне, стаяць у даволі невялікай лагчынцы сярод маляўнічага бору. У вайну народныя мсціўцы заходзілі сюды як дамоў, а немцы ўсіх мясцовых жыхароў лічылі партызанамі. У блакаду яны перажылі сваю трагедыю. У апошнія дзесяцігоддзі вёсачка стала пусцець, як і большасць населеных пунктаў гэтага краю. Моладзь выязджала на вучобу ў гарады і дадому ўжо не вярталася. Праводзіў у сталіцу сваіх старэйшых дзяцей і былы партызан Уладзімір Сушко. Дома заставалася толькі меншая бацькава любіміца Алачка. Дзіўная (на погляд аднавяскоўцаў) вырасла дзяўчынка. Яшчэ калі вучылася ў школе ў Бягомлі, прызвычаілася да музея. Пасля ўрокаў да вячэрняга аўтобуса бавіла час у ім, бывала, што дапамагала работнікам. Калі атрымала атэстат, наогул, пайшла туды працаваць. А жыць працягвала ў сваіх Клініках, пакуль і замуж не выйшла. Вадзіцелі барысаўскіх аўтобусаў нават цікавіліся, што гэта за дзяўчына, якая выходзіць з лесу кожную раніцу, а вечарам туды ж ідзе? А для яе мілей і даражэй гэтага лесу ніколі нічога не было.
З таго часу прайшло шмат год. Не стала старэйшых Сушко, за імі пайшлі браты Алы, а радавое гняздо гэтай вялікай сям’і жыве. Не дала яму стаць тленам, зарасці лесам усё тая ж дзіўная дзяўчынка, а зараз паважаны, вядомы ў раёне чалавек Ала Уладзіміраўна Каралевіч. Яе сэрца па-ранейшаму аддадзена роднай Бягомльшчыне. Сваю вялікую любоў да яе Ала пацвярджае шматгадовай апантанай работай у Бягомльскім музеі народнай славы, фонд якога ведае да драбніц, пастаянна яго папаўняе, адшуквае факты, імёны, людзей. У многім, дзякуючы ёй, музей спраўна функцыянуе і сёння.
Мінулым летам Ала Уладзіміраўна завяршыла справу, якой можа ганарыцца перад вяскоўцамі. Дом яе бацькоў у Клініках, у адрозненні ад іншых пустых хат, ніколі не быў запушчаным. Яны з мужам і дзецьмі пастаянна сюды наведваліся, абкошвалі, тое-сёе падладжвалі. Але ж вядома, што ў хаце трэба жыць, каб яна не страціла выгляду. І ўжо тады ў Алы ўзнікала думка пра тое, каб хоць на некалькі дзён, пакуль будуць збіраць грыбы ды ягады, пускаць жыць у хату сваіх гарадскіх знаёмых. Да практыкі, праўда, справа не дайшла. Калі ў 2006 годзе выйшаў Указ Прэзідэнта “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”, Ала адразу зразумела, што ёй далей рабіць з бацькоўскай сядзібай. Звярнулася ў райвыканкам, дзе вельмі прыязна паставіліся да яе жадання ў адпаведнасці з Указам узяць крэдыт у банку. Зрабілі з мужам праект будучай аграсядзібы, атрымалі на яго падставе крэдыт пад 5 працэнтаў гадавых тэрмінам на 7 год. І якраз столькі часу яны аддалі, каб зрабіць такую прыгажосць, як сённяшняя аграсядзіба “У Таптыгіна” (на здымку). Ад бацькоўскай хаты захавалі сцены і грубкі. Для людзей, якія нарадзіліся на асфальце, але на генетычным узроўні застаюцца сялянамі, наладзілі гарадскі камфорт з душам, гарачай вадой, цёплым санвузлом. З экзотыкі: першазданная прырода з ляснымі дарамі, сажалка з прыстасаваным паромам, жыўнасць у выглядзе трусоў, курэй, якіх гасцям дазваляецца нават карміць. За чатыры месяцы, дзякуючы аграсядзібе “У Таптыгіна”, маленькую вёсачку Клінікі наведалі 75 чалавек.
– Мы толькі пачынаем, набіраемся вопыту, – гаворыць Ала Уладзіміраўна, – але і таму, што ёсць, я вельмі рада. Галоўнае, што мая сядзіба жыве. Не знікла наша радавое гняздо. Тое, што зрабіла, лічу лепшым помнікам маім бацькам. Ва ўсім свеце лічыцца за ганьбу адмаўляцца ад таго, дзе ты нарадзіўся. Людзі берагуць, як могуць, месца, дзе “закапаны іх пупок”. Без каранёў чалавек, як тое перакаці- поле: ідзе па зямлі і нідзе не затрымліваецца.