В уголовном розыске Докшицкого района работает Сергей Королевич

IMG_8542Крымінальны вышук невыпадкова называюць гвардыяй міліцыі. Менавіта гэта служба займаецца раскрыццём крымінальных злачынстваў, пошукам злачынцаў і асоб, якія хаваюцца ад следства і суда. Практычная дзейнасць яе супрацоўнікаў у аснове сваёй у прынцыпе носіць разведвальны характар, у значнай ступені ўяўляе сабой даследаванне. Таму тыя, хто ёй займаецца, – гэта, у першую чаргу, інтэлектуалы, а таксама добрыя псіхолагі, смелыя, рашучыя, назіральныя людзі. Менавіта іх работа ўвабрала ў сябе ўсю тую дэтэктыўную рамантыку, за якую любяць гэты жанр людзі розных узростаў. Герой сённяшняга аповеду — Сяргей Каралевіч – начальнік крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў. Па выніках работы службы ў 2014 годзе яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару. І гэта цалкам заслужана.

Летась па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 157 злачынстваў, у 2013 годзе – 196. Большасць з іх – гэта крадзяжы ўсіх відаў. Раскрывальнасць па іх склала амаль 60 працэнтаў. Яшчэ большы працэнт раскрывальнасці маюць крадзяжы, якія здзейснены з жылля грамадзян (75,8 працэнта). У абодвух выпадках паказчыкі вышэйшыя за сярэднеабласныя.

Выхаваны і сціплы па характары Сяргей Мікалаевіч Каралевіч сцвярджае, што ў адзіночку ў іх рабоце чалавек дабіцца вялікіх поспехаў не можа. Крымінальны вышук працуе камандай, і яна сяброўская, моцная і згуртаваная. Побач з асам крымінальнага вышуку Сяргеем Сакаловым ужо даволі ўпэўнена трымаюцца «на нагах» Сяргей Куроўскі, Дзмітрый Модаль, Ігар Дзяхцяр. У іх бяруць урокі прафесійнага майстэрства Дзяніс Паплёўка і Аляксандр Машко. І ўсё ж для ўсіх бясспрэчным аўтарытэтам з’яўляецца Сяргей Каралевіч.

У райаддзел міліцыі ён прыйшоў у 1998 годзе. Дагэтуль вучыўся ў Мінскай сярэдняй школе МУС, хаця прафесія міліцыянера не была яго марай. Хутчэй бачыў сябе юрыстам і думаў пра далейшую вучобу, але пакуль прайшлі два гады адпрацоўкі, усё склалася па-іншаму. Ён усё ж такі застаўся міліцыянерам, завочна закончыў Акадэмію міліцыі. Да 2004 года, пакуль трапіў у крымінальны вышук, “таптаў зямлю” ўчастковым інспектарам. Даволі хутка засвоіў асноўныя прамудрасці гэтай службы, але сам шчыра прызнаецца, што на гэтай пасадзе яго ўсё ж такі больш за іншае вабіла аператыўная работа. Менавіта асабістае раскрыццё злачынстваў і адзначала заўсёды са станоўчага боку ў яго рабоце кіраўніцтва райаддзела.

Сакрэтам вышуку яго вучыў легендарны аператыўнік Павел Кавалёнак, былы піцерскі опер. Да сённяшняга памятае Сяргей Мікалаевіч сваю першую раскрытую справу, калі толькі стаў участковым. Каб адшукаць злодзея, скеміў тады падключыць да гэтага паштальёнаў, старэйшын. І зараз лічыць, што ў аператыўнай рабоце вельмі шмат значыць інфармацыя. Атрымаць яе ад звычайных людзей павінен умець опер. Сёння шмат увагі надаецца выкарыстанню найноўшых тэхналогій у аператыўнай рабоце, але поўнасцю замяніць “паходаў у народ” яны не змогуць.

Гэта пацвярджае і апошняя буйная справа па раскрыцці серыі крадзяжоў з аўтамабіляў. Некалькі месяцаў ганяліся за невядомымі злодзеямі, якія трымалі ў напружанні аўтаўладальнікаў у Докшыцах, Бягомлі, Крулеўшчыне. Меркавалі, што гастралюе адна група, бо аднойчы крадзяжы ў названых населеных пунктах адбыліся на працягу адной ночы. Аказалася, што групы тры. Выйсці на першую дапамог выпадковы сведка, які, памятаючы пра свой грамадзянскі доўг, патэлефанаваў у міліцыю. Высветліць астатнія было лягчэй, хаця аператыўнікі для гэтага правялі вельмі вялікую работу, якую яны сціпла называюць аператыўна-пошукавымі мерапрыемствамі. Засады, вобыскі, допыты – гэта іх штодзённая руцінная праца, якая не ведае выхадных, не дае бачыць, як растуць дзеці. У Сяргея трое сыноў. Іх, канечне, гадуе мама, але татам яны ганарацца, а для будучых мужчын – гэта многае значыць. Старэйшы Аляксей нават падумвае пра міліцэйскія пагоны, вось толькі патрэбна на гэта згода таты. Лепшы опер раёна раздумвае, на гэта яшчэ ёсць час.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *