Выборы-2016. День основной
Нядзеля, 11 верасня, – асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах. Усе ўчасткі адчынілі свае дзверы і былі гатовы прымаць выбаршчыкаў з 8 гадзін раніцы.
Па інфармацыі старшынь камісій, акурат з моманту адкрыцця на ўчастках назіралася пэўная актыўнасць насельніцтва, якая ўзрасла бліжэй да паўдня. Даволі высокім быў і працэнт тых, хто вырашыў аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў на датэрміновым галасаванні, якое праходзіла з 6 па 10 верасня. Напрыклад, на ўчастак №1, які размясціўся ў адміністрацыйным будынку Докшыцкага ПМС у райцэнтры, з 1638 выбаршчыкаў
52 % прагаласавалі датэрмінова, на ўчастку № 2, які размясціўся ў адміністрацыйным будынку ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, з 956 выбаршчыкаў 46 % вырашылі аддаць свой голас загадзя.
Участак для галасавання
№ 4, які знаходзіўся ў будынку СШ №1, налічваў 1350 выбаршчыкаў. Датэрмінова прыйшлі галасаваць 43 % ад гэтай колькасці людзей. А вось васямнаццацігадовая Алена Млынец (на здымку) аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў вырашыла менавіта ў дзень асноўнага галасавання. Справа ў тым, што дзяўчына ўпершыню ў жыцці павінна была далучыцца да гэтай палітычнай падзеі. Пасля таго, як Алена зрабіла свой выбар і апусціла бюлетэнь у празрыстую скрыню, яе чакаў прыемны сюрпрыз. Старшыня камісіі Святлана Януковіч і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук павіншавалі Алену з першым у жыцці ўдзелам у выбарах і ўручылі ёй сувеніры і кветкі.
Расчуленая выбаршчыца расказала пра сябе і падзялілася эмоцыямі:
– Я скончыла ліцэй у Віцебску, вярнулася маладым спецыялістам працаваць на малую радзіму. Гатую для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку ў Янках. Пакрысе звыкаюся з прафесіяй. Вельмі хвалявалася, калі ішла на выбары, бо адчувала ў нейкай ступені ўзмацненне даросласці, сур’ёзнасць падзеі. Аднак мой участак знаходзіцца ў школе, якую заканчвала. Пэўна, родныя сцены дапамаглі – хваляванне пакрысе прайшло. Вельмі ўдзячна за ўвагу з боку камісіі і моладзевага саюза. Гэты дзень мне запомніцца.
Алена пабегла па сваіх справах, а выбаршчыкі, між тым, пакрысе ішлі на ўчасткі. Адны імкліва заходзілі ў кабінкі, апускалі бюлетэні і выходзілі, другія, даведаўшыся, што хутка на ўчастку святочны настрой будуць ствараць мясцовыя артысты, затрымліваліся каля буфетаў з прысмакамі і вырашалі пачакаць, трэція ішлі галасаваць сем’ямі і разам з дзеткамі апускалі бюлетэні.
Міжнародныя
назіральнікі
ў Докшыцкім раёне. Кампетэнтна
У другой палове дня выдалася магчымасць пагутарыць з назіральнікамі ад СНД, якія наведалі ўчасткі для галасавання ў нашым раёне. Сачылі за ходам арганізацыі працэсу галасавання намеснік Генеральнага сакратара Савета МПА СНД – прадстаўнік Рэспублікі Малдова Іон Ліпчыу і член Юрыдычнага камітэта па пытаннях назначэння імунітэтаў Парламента Рэспублікі Малдова, прадстаўнік МПА СНД Ігар Врэмя.
– У Рэспубліцы Беларусь у якасці міжнародных назіральнікаў мы знаходзімся трэці дзень. Мелі магчымасць пабываць на адкрыцці ўчасткаў у дні датэрміновага галасавання, прасачыць за арганізацыяй выбарчага працэсу ў Мінскай вобласці. Сёння мы працуем у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. Усяго наведалі не менш за дзесяць участкаў. Пакуль ніводзін з іх не выклікае асаблівых пытанняў. Радуе той факт, што на ўчастках маюцца стэнды з усёй неабходнай інфармацыяй, вытрымана тайна галасавання. Папярэдне адзначу, што выбары праходзяць у дастойнай спакойнай абстаноўцы, з’яў, якія б перашкаджалі выбарчаму працэсу і волевыяўленню, мы не назіралі, – зазначыў Ігар Врэмя.
Кацярына Лебедзева, намеснік главы адміністрацыі па кіраўніцтве маёмасцю, зямельнымі рэсурсамі і горадабудаўнічай дзейнасці Кірышскага муніцыпальнага раёна Ленінградскай вобласці, міжнародны назіральнік СНД:
– У Беларусі знаходжуся з 10 верасня. У дзень выбараў працавала ў вашым раёне, прысутнічала на адкрыцці аднаго з участкаў, сачыла за работай на некалькіх астатніх. Увогуле, вельмі здзівіла адсутнасць празмернай агітацыі, парадавала стабільная абстаноўка, добрая яўка выбаршчыкаў.
Ніколі не лічыла беларусаў чужымі нам людзьмі, а таму, хаця ў краіну прыехала ўпершыню, яшчэ раз упэўнілася ў гэтай выснове. Сустрэла добразычлівае стаўленне, адсутнасць перашкод для атрымання інфармацыі.
Вельмі спадабаўся ваш невялікі, але чысты і дагледжаны раён, наяўнасць разгалінаванай сацыяльнай інфраструктуры і месцаў для развіцця творчых здольнасцей і ўмацавання фізічнай падрыхтоўкі дзяцей і моладзі.
Цэнтральная выбарчая камісія на сваім афіцыйным сайце абнародавала прозвішчы дэпутатаў. Па папярэдніх дадзеных, па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 сярод пяці кандыдатаў найбольшую колькасць галасоў набраў Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.
Па інфармацыі Докшыцкай акруговай выбарчай камісіі №22, яўка на выбары ў цэлым па названай выбарчай акрузе склала 88,5 %. Пры гэтым яўка выбаршчыкаў у Докшыцкім раёне склала 95,7 %.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.