Работники автостанции в Докшицых любимым днём называют пятницу

IMG_9249 об с

Гул матораў аўтобусаў і пастаянны рух людзей – атрыбуты вакзальнага жыцця. Але для жанчын, якія працуюць на докшыцкай аўтастанцыі, яны толькі ў радасць: чым больш актыўнасці, тым лепш для развіцця роднага прадпрыемства – філіяла “АТП № 14 г. Лепеля”. Нездарма любімым днём тыдня называюць пятніцу, калі многія вяскоўцы едуць у Докшыцы на рынак.

У штаце аўтастанцыі пяць работніц: касіры Аксана Пачкаева, Людміла Андзілеўка, Святлана Парцянка, Надзея Чучман і прыбіральшчыца Ніна Лікар. Касіры не толькі абслугоўваюць пасажыраў, але і афармляюць дакументацыю, робяць справаздачы і прымаюць выручку. Работа арганізавана ў дзве змены, першая пачынаецца ў 4.30, другая заканчваецца ў 20.00. Да такога графіка патрэбна прывыкнуць, зазначаюць касіры, – асабліва цяжка ўставаць ноччу. А ў цэлым умовамі працы задаволены, да таго ж у іх маленькім калектыве пануюць згода і ўзаемаразуменне.

Будынак новай аўтастанцыі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2008 годзе – прывабны і ўтульны. З цяперашняга калектыву толькі старшы касір Аксана Пачкаева пачынала працоўную дзейнасць у старым памяшканні.

– Там было даволі цесна, таму новы вакзал – гэта сапраўдны падарунак для ўсяго раёна. З сучасным аздабленнем, ён з’яўляецца візітнай карткай горада, – кажа яна.

Аксана Вячаславаўна ўладкавалася ў аўтатранспартны парк дваццаць гадоў таму. Па прафесіі швачка, чатыры гады адрабіла ў Віцебску, а пасля двух дэкрэтных водпускаў вырашыла застацца на малой радзіме. Граматная, ветлівая, карэктная ў зносінах, за бездакорнае выкананне абавязкаў была ўзнагароджана граматамі АТП.

Што немалаважна для Аксаны, яе дом знаходзіцца якраз насупраць аўтастанцыі – кароткі шлях на працу. Вакзальны шум не напружвае, а наадварот, дае адчуванне важнасці справы, якой яна займаецца. А калі ў адчыненае акно кватэры даносіцца знаёмае: “З платформы адпраўляецца…”, ловіць сябе на думцы, што таксама, як і людзі на аўтастанцыі, чакае дарогі. Толькі яе падарожжа звязана з любімай работай: клопаты пасажыраў і яе клопаты…

Арына АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *