Докшицкое литобъединение «Крыніцы» — участник фестиваля в Поставах

IMG_8982Па запрашэнні аргкамітэта ў XVIII Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах прыняло ўдзел літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”, якое другі год плённа працуе пры рэдакцыі раённай газеты “Родныя вытокі”.
Свята літаратурнай Пастаўшчыны “Мая зямля, мая радзіма завецца светла — Беларусь” праходзіла ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. На ім наша дэлегацыя мела магчымасць пазнаёміцца з творчай спадчынай паэтаў мінулых гадоў, у тым ліку вядомага Уладзіміра Дубоўкі, паэтычны талент якога некаторыя даследчыкі ставяць упоравень з Янкам Купалам. Жывой і цікавай атрымалася тая частка свята, якую ладзілі сучасныя майстры вершаванага слова Ігар Пракаповіч, Воля Лісіцкая, Наталля Карнілава і іншыя. Аздабляў сваёй музыкай Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Паазер’е”.
Літаб’яднанне “Крыніцы” на свяце прадстаўлялі маладыя паэты. Гледачы вельмі цёпла сустрэлі Антона Дрокіна, Віялету Навіцкую. Кожны з іх прачытаў па нізцы вершаў. Наталля Навіцкая-Сташэвіч прадставіла на суд пастаўскіх аматараў літаратурнай творчасці свае невялічкія зацемкі. Ірына Сясіцкая не прысутнічала на сустрэчы, але знаёмства з ёй пастаўчан адбылося праз аўтарскую песню “Подружка осень”. Вядучай прэзентацыі літаб’яднання была Тамара Альшэўская, гукааператарам — Яўгенія Малевіч.
Сустрэча атрымалася вельмі шчырай, сяброўскай, багатай на пазітыўныя эмоцыі і творчасць, як гэта заўсёды бывае, калі разам сустракаюцца людзі адной духоўнай канструкцыі, светапогляду і парыву душы.
Зараз будзем чакаць пастаўчан да сябе ў госці.

НА ЗДЫМКУ: разам з пастаўскімі паэтамі пасля заканчэння мерапрыемства.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *